Чацвер, 07 Май 2020

Жыхара Браслава аштрафавалі на 270 рублёў за паклёп на міліцыянта

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суд Браслаўскага раёна аштрафаваў жыхара Браслава на 270 рублёў, прызнаўшы яго вінаватым у паклёпе на супрацоўніка РАУС. Справу на браслаўчаніна завялі пасьля таго, як ён паскардзіўся на супрацоўніка міліцыі ў тэрытарыяльнае ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС, паведамляе афіцыйны сайт УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Мужчына паведаміў у скарзе, што супрацоўнік мясцовага РАУС, лейтэнант міліцыі, перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы і фальсыфікаваў у дачыненьні да яго адміністрацыйныя матэрыялы па факце рэалізацыі вадкасьці з утрыманьнем сьпірту. Жыхар Браслава сьцьвярджаў, што міліцыянт перасьледаваў яго мэтанакіравана, бо раней ён адмовіў праваахоўніку бясплатна скарыстацца паслугамі аграсядзібы і лазьні.

«Намі была праведзеная ўважлівая праверка. Сьведчаньні, выкладзеныя ў звароце, свайго аб'ектыўнага пацьверджаньня не знайшлі. Наадварот, былі атрыманыя дакладныя дадзеныя аб тым, што яны заведама лжывыя і што жыхар Браслава наўмысна ўзьвёў паклёп на супрацоўніка», – патлумачыў начальнік упраўленьня па Віцебскай вобласьці ДУУБ МУС Дзьмітрый Лавянецкі.

Мужчына быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці і аштрафаваны судом Браслаўскага раёну на 10 базавых велічынь.

«Адстойваючы ў прававым полі свой гонар і службовую рэпутацыю, супрацоўнікі адстойваюць гонар і аўтарытэт усяго ведамства», – цытуе Дзьмітрыя Лавянецкага сайт УУС Віцебскага аблвыканкаму.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.