Хлопец трапіў у аршанскі ізалятар часовага ўтрыманьня 26 сьнежня мінулага году. 9 студзеня яго чакалі пасьля 15-суткавага арышту. Але на волю ён так і не выйшаў, бо якраз у той дзень суд Воршы і Аршанскага раёну пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам – за ўдзел у менскіх акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» 21 сьнежня.
На наступны дзень, 10 студзеня, яго зноўку судзілі, цяпер за ўдзел у менскіх пратэстах 20 сьнежня. Пастанова суду – трэці арышт на 15 сутак.
13 студзеня судовы канвэер працягваўся, і Дзьмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацьвёрты раз – за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Менск 29 сьнежня.
Такім чынам, за кратамі «Шэры Кот» мусіць адбыць 60 сутак. Ці будуць перапынкі паміж арыштамі?
«У адпаведнасьці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, чалавека нельга ўтрымліваць за кратамі больш як 25 сутак запар. Але 15 сутак у цябе сканчаюцца, ты па дакумэнтах вызваляешся, і цябе нават могуць выпусьціць за браму. А праз хвіліну затрымаць, і зноўку – у ІЧУ», – тлумачыць Павал Левінаў.
Сябры і аднадумцы зьбіраюцца сустракаць Дзьмітрыя Казлова з аршанскага ІЧУ 24-га студзеня – пасьля другога прысуджанага тэрміну. Але ці выйдзе Шэры Кот з-за кратаў, залежыць ад супрацоўнікаў міліцыі, якія могуць адправіць відэаблогера на чарговыя 15 сутак.
Павал Левінаў паведаміў, што яму вядома пра яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на Дзьмітрыя Казлова – ад 2 студзеня і ад 5 студзеня. У іх відэаблогера вінавацяць за заклікі ў сацыяльных сетках на менскія акцыі 20 і 21 сьнежня. У судзе гэтыя справы пакуль не разьбіралі.
Чакае Шэрага Ката і судовы разбор у Менску – за ўдзел у леташняй акцыі пратэсту 8 сьнежня.