Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні быў складзены маёрам міліцыі Казлоўскім 6 студзеня 2020 году.
Як расказала Натальля Сьпірыдонава, пратакол ёй уручылі 13 студзеня. Паводле Натальлі, міліцыянт, які прынёс пратакол, сказаў ёй, каб чакала позвы ў суд.
Паводле пратаколу, 26 сьнежня 2019 году Сьпірыдонава ў сеціве Інтэрнэт у вольным доступе на сваёй старонцы сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» апублікавала публічныя заклікі да правядзеньня масавых мерапрыемстваў 29 сьнежня ў 12.00 на плошчы Перамогі ў Віцебску, не дазволеных ва ўстаноўленым парадку, і гэтым парушыла арт. 8 Закону «Аб масавых мерапрыемствах».
«Адказнасьць за правапарушэньне прадугледжаная ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ», – гаворыцца ў пратаколе.
Па словах Натальлі, толькі пасьля сыходу супрацоўніка міліцыі, яна пабачыла, што ў самім пратаколе пазначана, што мусіла зьявіцца ў суд на разгляд справы яшчэ 9 студзеня.
«Віцебская Вясна» адсочвае сытуацыю.
Нагадаем, раней, 26 сьнежня, за падобнае «правапарушэньне» быў пакараны штрафам віцяблянін Аляксей Прохараў.
Уладзімер Бяляўскі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!
Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.