Аўторак, 14 Студзень 2020

Блогеру Дуброўскіх прысудзілі 810 рублёў штрафу за ўдзел у менскіх акцыях

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Аляксандар Дуброўскіх Аляксандар Дуброўскіх

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў віцябляніна Аляксандра Дуброўскіх на 30 базавых велічынь за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, якая праходзіла ў Менску 20 сьнежня 2019 году. У якасьці адзінага доказу вінаватасьці віцябляніна міліцыянты прад’явілі ролік са стрыму «Радыё Свабода».

Справу 14 студзеня разгледзеў судзьдзя Ільля Белавус. У якасьці прадстаўніка Кастрычніцкага РАУС Віцебску ў працэсе браў удзел маёр міліцыі Сяргей Вяракса.

Віцяблянін Аляксандар Дуброўскіх, які называе сябе блогерам («Страна для жизни Витебск»), прызнаны вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Паводле пратаколу, Дуброўскіх 20 сьнежня 2019 году браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Незалежнасьць!».

Між тым, адзіным на судзе доказам правапарушэньня Дуброўскіх быў відэаролік зь ягоным інтэрвію падчас жывой трансьляцыі «Радыё Свабоды». Ніякіх лёзунгаў падчас інтэрвію віцяблянін не выкрыкваў.

Сам Дуброўскіх вінаватым сябе не прызнаў. Заявіў на судзе, што прысутнічаў на Кастрычніцкай плошчы выключна ў якасьці блогера – каб здымаць падзеі на тэлефон. Запэўніваў, што знаходзіўся на такім мерапрыемстве ўпершыню.

Пасьля таго як заявіў, што ненавідзіць Лукашэнку і што «Лукашэнку трэба прыбраць», Дуброўскіх быў выдалены з судовай залі.

Судзьдзя Ільля Белавус прызнаў мужчыну вінаватым у правапарушэньні, прадугледжаным ч.1 арт.23.34 КаАП, і пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Аляксандар Дуброўскіх зьбіраецца абскардзіць рашэньне суду Кастрычніцкага раёну ў Віцебскім абласным судзе.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.