Паплечнікі «Шэрага ката» пачалі шукаць яго яшчэ ў нядзелю 29 сьнежня. У гэты дзень у Менску праходзіла чарговая акцыя супраць «паглыбленай інтэграцыі», і Дзьмітрый Казлоў не зьявіўся на ёй.
«Актывіст перастаў выходзіць на сувязь 26 сьнежня. Як стала вядома прэс-слкжбе «Эўрапейскай Беларусі», Дзьмітрый Казлоў быў затрыманы 26 сьнежня і асуджаны за ўдзел у акцыях за незалежнасьць Беларусі. Ён адбывае суткі ў ІЧУ Воршы. На які тэрмін асуджаны актывіст, пакуль невядома», – паведаміў тэлеграм-канал «Эўрапейская Беларусь».
Паведамляецца таксама, што ў судзе Ленінскага раёну Менску 30 сьнежня над блогерам мусіў быў адбыцца суд, але судовы працэс перанесьлі на 10 студзеня 2020 году.
Нагадаем, 2 сьнежня блогер «Шэры кот» быў аштрафаваны Аршанскім судом на 510 рублёў за разьмяшчэньне на сваім youtube-канале відэароліку «Сустрэнемся на Кастрычніцкай плошчы».
Зьміцер Міраш