«09 студзеня суд Першамайскага раёну хоча разгледзець адміністрацыйную справу ў дачыненьні да мяне па 23.34 ч.1. Два пратаколы! Падзеі жыцьця ў Новым годзе пачынаюцца з судоў», – напісала на сваёй старонцы ў Facebook Тацяна Севярынец.
Спадарыня Тацяна ўдакладніла «Віцебская Вясьне», што пратаколы былі складзеныя за ўдзел у менскіх акцыях за незалежнасьць, якія прайшлі 20 і 21 сьнежня.
Судовае паседжаньне ў Віцебску (суд Першамайскага раёну) заплянаванае на 9 сьнежня, пачатак – у 09.10 гадзінаў. Але актывістка ня пэўная, ці будзе ў гэты дзень у Віцебску, бо зьбіраецца ў Менск, каб падтрымаць сям’ю сына – палітыка Паўла Севярынца, які 26 сьнежня быў прысуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Тацяна Севярынец не выключае, што і яе могуць пакараць «суткамі».
Раней позвы ў суд за ўдзел у менскіх акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй атрымала актывістка і блогерка Алена Янушкоўская.
Артыкул 23.34 (ч.1) прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
Зьміцер Міраш