Чацвер, 12 Верасень 2019

Віцебскі райвыканкам хацеў аштрафаваць гаспадара сядзібы Адамава – не атрымалася

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Максім Жукаў на ўваходзе ў райвыканкам Максім Жукаў на ўваходзе ў райвыканкам

Віцебскага прадпрымальніка Максіма Жукава, які набыў у Вялікіх Лётцах панскую сядзібу батаніка Адамава, выклікалі 9 верасьня ў Віцебскі райвыканкам. Чыноўнікі хацелі аштрафаваць уладальніка сядзібы за ня скошаную траву, але – не атрымалася...

Максіма Жукава выклікалі ў Віцебскі райвыканкам “для складаньня пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні”. Так было пазначана ў позьве з аддзелу землеўпарадкаваньня. Але пратакол на Жукава скласьці не ўдалося.

На думку Жукава, гэты адміністрацыйны працэс стаў свайго кшталту зваротнай рэакцыяй раённых уладаў на ягоныя скаргі ў Віцебскі аблвыканкам. Туды прадпрымальнік зьвяртаўся наконт незаконна пабудаваных хлявоў, якія знаходзяцца на мяжы зь ягоным зямельным участкам. Жукаў дамагаецца ад уладаў дэмантажу гэтых пабудоваў. Але безвынікова.

 

Якой вышыні мусіць быць трава?..

Начальнік аддзелу землеўпарадкаваньня Юрый Куляшоў, які вёў пасяджэньне 9 верасьня, паведаміў, што камісія выяжджала па скарзе Жукава ў Вялікія Лётцы, але там нібыта пабачыла няскошаную траву на ягонай дзялянцы. Што да хлявоў, дык ніякіх захадаў камісія не рабіла і дакумэнтаў не складала.  

Уладальнік сядзібы папрасіў патлумачыць чыноўніка, на падставе якога нарматыўнага акту яго выклікалі ў райвыканкам. Куляшоў спаслаўся на артыкулы 70 і 89 Кодэксу “Аб Зямлі”, дзе гаворыцца, што “землекарыстальнікі мусяць ажыцьцяўляць у межах дадзеных iм зямельных участкаў наступныя мерапрыемствы: добраўпарадкоўваць і эфэктыўна выкарыстоўваць зямлю, зямельныя ўчасткі” (арт. 89, “Ахова зямель”).

Але на пытаньне Жукава, дзе можна азнаёміцца з нарматывамі, якой вышыні павінна быць трава, Юрый Куляшоў нічога ня мог адказаць. Адно запытаўся, ці даўно касілася. Уладальнік сядзібы Адамава запэўніў, што траву косіць рэгулярна, не радзей аднаго разу на месяц, і на дадзены момант ніякага зарасьніку на ўчастку няма.

Тады начальнік аддзелу землеўпарадкаваньня зноў адправіў камісію ў Вялікія Лётцы. Чыноўнікі езьдзілі на службовай машыне, у выніку пераканаліся, што Жукаў кажа праўду – ніякага зарасьніку вакол сядзібы няма.

Да адміністрацыйнай адказнасьці Жукава вырашана не прыцягваць.   

“Я мяркую, гэта чыста помста чыноўнікаў за мае неаднаразовыя скаргі з нагоды парушэньня работнікамі рай- і аблвыканкаму заканадаўства. Мая здагадка пацьвярджаецца і тым, што адміністрацыйны працэс быў спынены адразу ж пасьля выезду на месца”, – выказаў сваё меркаваньне Максім Жукаў.

Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара

 

Ці спадабалася? Камэнтуйце навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.