Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч “у выніку вывучэньня матэрыялаў справы” прыйшоў да высновы, што пастанова Кастрычніцкага суду “зьяўляецца законнай і абгрунтаванай”, а “абставіны правапарушэньня абсьледаваныя ўсебакова і аб’ектыўна”.
“Факт вашага ўдзелу ў незаконным масавым мерапрыемстве, мэтай якога было публічнае выяўленьне грамадзка-палітычнай пазыцыі, пацьвярджаецца тлумачэньнямі супрацоўнікаў міліцыі Карушкі, Дзятлава і Ярашэўскага, іншымі доказамі ў іх сукупнасьці”, – гаворыцца ў адказе Вярхоўнага суду.
“Падставаў для адмены пастановы ня маецца”, – падсумоўвае Руслан Аніскевіч.
Качурэц зьвернецца ў КПЧ ААН
“Замацаваная Законам працэдура рэалізацыі вашага права на публічнае выяўленьне грамадзка-палітычных інтарэсаў і пратэсту накіраваная на стварэньне ўмоваў для рэалізацыі вамі сваіх правоў”, – сьцьвярджае Вярхоўны суд.
“Стварэньне ўмоваў для рэалізацыі правоў?.. Гучыць вельмі сьмешна. Яны ствараюць умовы толькі для таго, каб нашае насельніцтва хадзіла строем. А калі хочаш зрабіць крок налева ці направа – пішы заяву ці плаці штраф”, – кажа на гэта Мікола Качурэц.
Актывіст прызнаецца, што і не чакаў станоўчага адказу на сваю скаргу ў Вярхоўны суд. Ён паведаміў, што працягне змагацца за свае правы і бліжэйшым часам накіруе індывідуальнае паведамленьне ў Камітэт правоў чалавека ААН.
“Бо дамагчыся праўды на нацыянальным узроўні папросту немагчыма”, – тлумачыць Качурэц.
Нагадаем, 25 сакавіка 2019 году падчас сьвяткаваньня БНР-101 Мікола Качурэц зрабіў усяго толькі адзін фотаздымак з нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам на фоне помніка князю Альгерду ў Віцебску. Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Сьняжана Кіндзеева аштрафавала актывіста за гэты ўчынак на 4 базавыя велічыні. За “пікетаваньне з выкарыстаньнем палотнішча бел-чырвона-белага колеру без атрыманьня дазволу” на Дзень Волі - 2019 такія ж самыя штрафы атрымалі тады яшчэ двое віцяблян – браты Яраслаў і Ўладзімер Кійко.
Зьміцер Міраш