На судовае паседжаньне, што прайшло 15 траўня, глыбоцкі журналіст прыехаць ня змог, таму скаргі разглядаліся безь яго і ў хуткасным рэжыме. Судзьдзя толькі зачытала артыкулы, паводле якіх глыбачанін быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці, і агучыла свае рашэньні. Пры гэтым нават не палічыла неабходным назваць сваё імя і прозьвішча.
Нагадаем, Шаркоўшчынскі суд (судзьдзя Аксана Табола) 15 красавіка прызнаў журналіста-фрылянсэра вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Лупач быў аштрафаваны на 35 базавых велічынь за сюжэт, паказаны на тэлеканале “Белсат” “Як жыве сёньня самы бедны раён краіны”.
Акрамя таго, 11 красавіка Зьміцер Лупач быў пакараны штрафам у 40 базавых велічынь судзьдзём глыбоцкага суду Станіславам Трапуком – паводле двух артыкулаў. За пікетаваньне зь бел-чырвона-белым сьцягам (ч.1 арт. 23.34 КаАП) на БНР-101 ён атрымаў 10 базавых, а за правапарушэньне паводле ўсё таго ж арт. 22.9 КаАП (Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) – 36 базавых велічынь. Шляхам накладаньня штрафаў судзьдзя Трапук наклаў на фрылянсэра штраф у памеры 40 б.в.
Зьміцер Лупач: Гэта судовы канвэер…
“Сёньня Віцебскі абласны суд разгледзеў дзьве мае касацыйныя скаргі і пакінуў рашэньні судоў бязь зьменаў. На іншае я і не спадзяваўся, бо гэты судовы канвэер працуе ў дачыненьні да мяне ня першы год. У раённых судах я зьвяртаў увагу судзьдзяў на парушэньні з боку міліцыянтаў пры складаньні пратаколаў. Судзьдзі адказвалі, што зробяць ім пісьмовыя заўвагі, тым не менш мяне асудзілі”, – пракамэнтаваў рашэньне абласнога суду Зьміцер Лупач.
Распавёў, што даводзіў абодвум судам, што ён зарэгістраваны прадпрымальнікам і можа здымаць на відэа ўсё, што не забаронена законам (від дзейнасьці – здымкі відэа), за гэта плаціць падаткі.
“Акрамя таго, суды парушаюць маё канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі”, – дадаў журналіст.
Пасьля судовага паседжаньня невядомы грамадзянін, скарга якога таксама разглядалася ў гэты ж дзень і ў той самай залі, падышоў да карэспандэнта “Віцебскай вясны” і папрасіў перадаць словы падтрымкі Зьмітру Лупачу і ўсім журналістам тэлеканала. Сказаў, што зьяўляецца даўнім падпісчыкам “Белсату” і што сьмелыя журналісты робяць важную і карысную працу.
Уладзімер Бяляўскі