Нагадаем, на Дзень Волі ў 2018 годзе віцяблянін Мікола Качурэц быў затрыманы з нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам ля помніку князю Альгерду. Міколу аштрафавалі, сьцяг незаконна канфіскавалі і зьнішчылі. Але рашэньне суду Кастрычніцкага раёну аб пакараньні Качурца было ў жніўні 2018 году адмененае, а ў кастрычніку адміністрацыйную справу ў дачыненьні актывіста наогул скасавалі.
Сёлета віцяблянін зьвярнуўся ў суд, каб міліцыя кампэнсавала яму кошт зьнішчанага сьцягу і прасіў спагнаць з Кастрычніцкага РАУС Віцебску 42 рублі. Але суд Першамайскага раёну (судзьдзя Алена Савіцкая) задаволіў патрабаваньні Качурца ня цалкам, ацаніўшы прычыненую шкоду ўсяго на 8 рублёў з капейкамі. Новы бел-чырвона-белы сьцяг на symbal.by каштуе 20 рублёў.
Калі навіну пра тое, на якую суму ацаніў шкоду віцебскі суд, прачытаў заснавальнік крамы Павал Белавус, вырашыў зрабіць Качурцу падарунак і выслаць у Віцебск новы бел-чырвона-белы сьцяг.
Падарунак зь Менску віцяблянін атрымаў 6 мая.
Мікола Качурэц паведаміў яшчэ “Віцебскай Вясьне”, што будзе абскарджваць пастанову суду Першамайскага раёну Віцебску ў абласным судзе, бо лічыць, што судзьдзя Савіцкая занізіла суму прычыненай шкоды.
Таксама актывіст і рэдакцыя сайту "Віцебская Вясна" далучаюцца да віншаваньняў Паўлу Белавусу з нагоды нараджэньня сына! Здароўя і моцы!
Зьміцер Міраш