Суд быў не гатовы разглядаць справу
Суд у Наваполацку доўжыўся больш за тры гадзіны. Абвінавачаныя, якія даведаліся пра суд толькі напярэдадні, хадайнічалі аб азнаямленьні з матэрыяламі справы. Хадайніцтва задаволілі, але аказалася, што справы былі не прашытыя, і хвілін 20 пайшло на тое, каб іх, у прамым сэнсе, шылі ў кабінэце судзьдзі.
На думку праваабаронцы Паўла Левінава, які прысутнічаў на паседжаньні, суд быў папросту не гатовы да разгляду справы.
Журналісты-фрылянсэры Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў сваёй віны не прызналі. Падчас паседжаньня кожны зь іх заявіў некалькі адводаў судзьдзі і па 7 хадайніцтваў, частку якіх судзьдзя Балаболава проста вымушаная была задаволіць. Напрыклад, аб тым, каб было дазволена прысутнічаць у залі пазаштатнаму карэспандэнту тэлеканалу “Белсат”. Але весьці відэазапіс падчас працэсу судзьдзя ўсё ж забараніла.
Сачылі пасьля ананімнага званку
Сюжэт, які стаў часткай ток-шоў і спрычыніўся да ўзбуджэньня адміністрацыйнай справы, тычыўся пажару на заводзе “Палімір” у 2016 годзе. Таму сьведкамі па справе праходзілі працаўнікі заводу. У тым ліку – адзін з герояў тых падзей Андрэя Швілпо. Паводле іх тлумачэньняў, людзі, якім яны расказвалі пра пажар, не называлі сябе журналістамі “Белсату” і нават ня мелі відэакамэры – толькі фотаапарат.
У сваю чаргу, сьведка з боку абвінавачаньня інспэктар аховы правапарадку Наваполацкага ГАУС Аляксандар Шыкін прызнаўся ў судзе, што відэасачэньне за віцяблянамі было ўстаноўленае пасьля ананімнага тэлефанаваньня.
Нягледзячы на тое, што сьведка-міліцыянт блытаў факты, казаў пра мікрафон, які не фігуруе ў апэратыўных здымках, і няправільна апісваў вопратку Алены Шабуні, судзьдзя Зінаіда Балаболава палічыла віну журналістаў-фрылянсэраў даказанай і наклала на кожнага зь іх адміністрацыйныя штрафы ў памеры 25 базавых велічынь (па 637,50 рублёў).
Нязгодныя з такім рашэньнем, Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў будуць абскарджваць яго ў Віцебскім абласным судзе.
Павал Левінаў: Гэта не абсурд? Абсурд!..
“Што можна сказаць пра працэс, калі не было асобы, якая б прад’яўляла абвінавачаньне? У выніку судзьдзя папросту заняла пазыцыю абвінавачаньня, што недапушчальна. Пра які справядлівы судовы разбор тады можна казаць? Кодэкс кажа, што галоўная задача суду – захоўваньне і абарона правоў, свабод і законных інтарэсаў гармадзян. А суд замест таго, каб абараніць іх права на атрыманьне інфармацыі, карае за гэта грамадзян непад’ёмнымі штрафамі. Гэта не абсурд? Абсурд!” – сказаў пасьля паседжаньня віцебскі праваабаронца Павал Левінаў.
Нагадаем, у 2018 годзе журналістаў ужо судзілі за правапарушэньне на падставе арт. 22.9 КаАП за відэасюжэт на “Белсаце”. Тады судзьдзя Віцебскага райсуду Міхаіл Зубеня аштрафаваў Шабуню і Лазарава адпаведна на 20 і 22 базавыя велічыні.
Зьміцер Міраш