Пра гэта Алесь Круткін паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Раней мы паведамлялі, што пасьля 15 красавіка ад аўтара відэаблогу “Самакруткін” некалькі дзён не было аніякіх зьвестак і што яго шукала міліцыя. Пасьля затрыманьня Круткін прызнаўся, што шэсьць сутак “быў у падпольлі”.
“У суботу, 20.04, спрабаваў выехаць аўтастопам на мітынг у Брэст, але затрымалі на шашы пад Полацкам… Адабралі тэлефон (ён быў разабраны, каб не маглі запеленгаваць) і завезьлі ў Полацкі РАУС. Потым сядзеў 2 сутак у камэры. 22.04. у судзе мне прысудзілі 15 базавых па артыкуле 23.34. 2 маіх мабільных тэлефона арыштавалі да выплаты штрафу”, – напісаў у фэйсбуку актывіст.
Паведаміў, што ў камэру да яго наведваўся начальнік упраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Віцебскага аблвыканкаму падпалкоўнік Вячаслаў Пяткун. А начальнік Полацкага РАУС Леў Казаран папрасіў “не баламуціць ваду” ў яго “на раёне”.
23 красавіка Алесь паведаміў, што яму тэлефанавалі судовыя выканаўцы з Полацкага райсуду і папярэдзілі, што ў яго ёсьць нібыта запазычанасьці перад Полацкім унівэрсытэтам, бо не адпрацаваў патрэбны тэрмін настаўнікам у школе. Намякалі, што можа не атрымаць візу.
“Ну, гэта ясна – КГБ ня сьпіць”, – камэнтуе размову з судовымі выканаўцамі Алесь Круткін.
Абяцае падаць пазоў у Камітэт ААН па правах чалавека. “Іск: Круткін супраць Міністэрства адукацыі Беларусі. Дзяржава, якая ўвайшла ў Балёнскі працэс мусіць скасаваць ганебную сыстэму дзяржаўных разьмеркаваньняў!” – заўважае актывіст.
Зьміцер Міраш