Паводле рашэньня суду, міліцыя мусіць таксама сплаціць актывісту частку судовых выдаткаў – 42 капейкі. Агулам атрымліваецца – 8,72 рублёў. Гэтая сума будзе выплачаная з рэспубліканскага бюджэту.
Кошт сьцягу...
На судовым паседжаньні 24 красавіка Мікола Качурэц дакумэнтальна абгрунтаваў кошт прычыненай шкоды (42 рублі). Прадаставіў суду прайс з інтэрнэт-крамы Symbal.by, дзе бел-чырвона-белы сьцяг каштуе 20 рублёў, а таксама – дакумэнты аб коштах дрэўка (палімернай трубы) і квіткоў для паездкі да Менску і назад.
Міліцыянт Дзьмітрый Жук, які прадстаўляў у судзе Кастрычніцкі РАУС, заявіў, што ня згодны з запатрабаванай сумай іску. Паводле адказчыка, зьнішчаны сьцяг быў ня новы, выглядаў кепска, і яго “можна было б ацаніць на вагу рызьзя”. Тым ня менш, Жук папрасіў суд далучыць да справы прайсы з крамы “Сялена”, дзе можна набыць тканіну белага і чырвонага колераў па цане 2,50 руб. за 1 м., а таксама – даведку ад швачкі, якая ўзялася б вырабіць падобны сьцяг за 7 рублёў.
Але аказалася, што пры вызначэньні сумы кампэнсацыі судзьдзя Алена Савіцкая кіравалася выключна лічбамі, якія суд сам атрымаў праз запыты ў віцебскі ўнівэрмаг, на швейнае прадпрыемства “Труд-Віцебск” і ў “Дом сантэхнікі”. Паводле атрыманай інфармацыі, тканіну для сьцяга (0,5 м. X 1,5 м.) можна купіць за 1,39 рубля, пашыць сьцяг – за 2,50 рубля, набыць трубу для дрэўка – за 4,41 рубля. Агулам – 8 рублёў 30 капеек.
Сьцяг Качурца на БНР-100 быў зьнішчаны міліцыяй
Такім чынам, паводле падлікаў судзьдзі, кошт прычыненай шкоды за зьнішчаны бел-чырвона-белы сьцяг аказаўся нават меншы за суму, якую прапаноўваў заплаціць адказчык.
Качурэц: Новы сьцяг за такія грошы ня сшыеш
“Зразумела, што за гэтыя 8,72 рублі я не змагу ані купіць, ані пашыць новы сьцяг. Суд занізіў ягоны кошт у разоў пяць. Тым ня менш, лічу гэтае рашэньне маленькай перамогай, першым крокам у нашым змаганьні за бел-чырвона-белы сьцяг. Магчыма, такі вынік прымусіць супрацоўнікаў міліцыі задумацца перад тым, як канфіскоўваць, а потым нішчыць сьвятыні”, – сказаў пасьля суду Мікола Качурэц.
Дарэчы, у судзе актывіст казаў пра тое, што незаконным было ня толькі зьнішчэньне сьцяга, але і яго канфіскацыя, бо арт. 23.34 КаАП не прадугледжвае такога пакараньня. Спасылаўся пры гэтым на афіцыйны адказ зь Вярхоўнага суду.
Праваабаронца: Нельга назваць рашэньне суду бесстароньнім
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік кажа, што гэта першы (прынамсі ў Віцебскай вобласьці) выпадак, калі міліцыя будзе вымушаная вярнуць кошт зьнішчанага нацыянальнага сьцяга яго ўладальніку. Але дадае, што рашэньне судзьдзі нельга назваць бесстароньнім.
“Шкада, што грамадзянскі пазоў палітычнага актывіста Міколы Качурца к супрацоўнікам міліцыі, суд задаволіў толькі часткова. Бо доказы сумы іску былі пераканаўчыя і аргумэнтаваныя дакумэнтальна. Суд фактычна ўзяў на сябе пошук такіх доказаў, якія спрыялі максымальнаму зьніжэньню кошту сьцяга, а ў выніку – памяншэньню выплаты матэрыяльнай шкоды з боку адказчыка. У гэтым выпадку нельга назваць рашэньне суду бесстароньнім і справядлівым у дачыненьні да пазоўніка”, – пракамэнтаваў рашэньне суду праваабаронца Леанід Сьвецік.
“Параіў бы спадару Качурцу абскардзіць пастанову судзьдзі Савіцкай, якая вяла працэс, у Віцебскім абласным судзе”, – дадаў праваабаронца.
Нагадаем, у 2018 годзе на Дзень Волі Мікола Качурэц выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам да помніку князю Альгерду ў Віцебску, быў затрыманы і аштрафаваны Кастрычніцкім судом на 30 б.в. (ч.2 арт. 23.34 КаАП і 23.4 КаАП). Абласны суд пакінуў пастанову бязь зьменаў. Але 25 жніўня старшыня аблсуду адмяніў рашэньне Кастрычніцкага суду і накіраваў адміністрацыйную справу на новы разгляд. 27 кастрычніка яна была скасаваная ў сувязі са сканчэньнем тэрміну адміністрацыйнага пакараньня.
Зьміцер Міраш