Сьцяг канфіскавалі згодна з рашэньнем судзьдзі Першамайскага раённага суду Віцебску Натальлі Карабліной, якая да таго ж паводле часткі артыкулаў 23.4 і 23.34 КаАП аштрафавала актывіста агулам на 245 рублёў за не дазволенае ўладамі сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею БНР.
Фармальна ў Першамайскім РАУС спаслаліся на тое, што яны выканалі судовую пастанову і канфіскавалі сьцяг на карысьць дзяржавы. Патлумачыць, чаму канфіскацыя вымагае зьнішчэньне забранай рэчы, актывісту ніхто ня здолеў. Ці тое была нечыя некампэтэнтнасьць, ці чыясьці нядбаласьць, дазнацца пакуль не атрымалася.
Актывіст распавёў ВВ пра свой апошні візыт у райаддзел міліцыі:
– Начальнік Першамайскага РАУС паказаў мне акт зьнішчэньня сьцягу. Я патлумачыў яму, што бел-чырвона-белы сьцяг для мяне ня проста рэч, а нацыянальная каштоўнасьць. У працэсе нашай зь ім размовы, ён папрасіў прабачэньня за зьдзейсьненую памылку. Праўда, на маё пытаньне пра магчымыя варыянты выпраўленьня гэтай памылкі ён нічога дакладнага не адказаў. Я разумею, што ў яго фармальна нібыта няма ніякіх падставаў кампэнсаваць мне маю страту. Яму прыйшла папера з суду, ён канфіскаваў. Аднак чаму канфіскацыя зробленая як зьнішчэньне? У якім дакумэнце тое прапісана?
Далейшым маім крокам будзе зварот у гарадзкую пракуратуру. Я хачу, каб наглядны орган патлумачыў мне мае правы і мае магчымасьці ў гэтым пытаньні. Проста як грамадзяніну, мне не зразумелае такое стаўленьне да аднаго з найгалоўнейшых нацыянальных сымбаляў. І калі нашае заканадаўства зьмяшчае нейкія дакладныя прававыя нормы кампэнсацыі страчанага, то я хацеў бы скарыстацца такой законнай магчымасьцю.
С. Горкі