Зьмітра Лупача прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці паводле сумнавядомага артыкулу 22.9 КаАП у дзявяты раз. Падставай для справы стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пра ўшанаваньне памяці ахвяр камуністычнага і фашысцкага рэжымаў на Глыбоччыне.
Як кажа Зьміцер Лупач, асаблівых спадзяваньняў на тое, што абласны суд задаволіць яго скаргу, не было. З рашэньнем суду журналіст ня згодны і намераны зьвяртацца са скаргай у Камітэт ААН па правох чалавека. Там ужо зарэгістраваныя дзьве яго скаргі на парушэньне краінай Беларусь яго правоў.
Паводле Зьмітра Лупача, пакуль звароты ў Камітэт ААН па правох чалавека асаблівага выніку не даюць.
“Але я ўпэўнены, што ў хуткім часе, калі назьбіраецца крытычная колькасьць падобных скаргаў, вынік будзе. Думаю, цягам часу Беларусь будзе вымушаная прызнаць, што яна парушае нашы правы”, – зазначыў журналіст-фрылянсэр.
Нагадаем, у 2018 годзе над Зьмітром Лупачам адбылося дзевяць судовых працэсаў за сюжэты, якія паказаў тэлеканал “Белсат”. Па выніках шасьці зь іх журналіста пакаралі штрафамі ад 25 да 40 базавых велічыняў. Агулам ён заплаціў 4 802 беларускіх рублёў.