Прычыны затрымання пакуль не вядомыя, адна з версій – гэта рэпосты ў сацыяльных сетках навінаў з так званых экстрэмісцкіх інтэрнэт- рэсурсаў. Зрэшты, асабістыя старонкі Захара Сабіна ў сацыяльных сетках прысвечаны пераважна музыцы і анонсам выступу рок-гурта Detroit hills. Апошні выступ гурта ўродным Наваполацку адбыўся якраз 27-га жніўня – у дзень, калі і быў затрыманы Захар Сабін.

Сямʼі 16-гадовага Іллі Карозы ў Віцебску далі кватэру, дзяцей уладкавалі ў школу і ў дзіцячы садок, а бацькоў – на працу. Дарослыя атрымалі беларускія пашпарты, прычым працэдура атрымання беларускага грамадзянства заняла рэкордна малы тэрмін – усяго 3 тыдні. Усё гэта сталася наступствам скандалу, звязанага з інтэрв’ю падчас «Славянскага базару»: выхаванец дзіцячай акадэміі радыё і тэлебачання KidsTV Ілля Кароза ўзяў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на рэкамендацыі МЗС Латвіі ўстрымацца да наведвання беларускага праўладнага музычнага форуму. Пазней Дзяржслужба якасці адукацыі Латвіі паведаміла, што Academy KidsTV вядзе навучанне без законных падстаў – без акрэдытацыі ад Міністэрства адукацыі і ліцэнзіі ад Рыжскай думы, і з тае прычыны будзе зачынена.

Нядаўна ў палітзняволенага блогера і актывіста выявілі сухоты. Раней была інфармацыя, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон у дзённы час. Напрыканцы ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Ёсць звесткі аб тым, што ў ПК-12 з боку адміністрацыі ў дачыненні да зняволеных практыкуюцца здзекі, у "зоне" для хворых ежа і санітарныя ўмовы не адпавядае медыцынскім нормам, у турэмны магазін завозяцца тавары, цэны на якія ў разы перавышаюць іх кошты па-за калоніяй.

На сайце ААН апублікаваны даклад Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Тэмай дакладу стала становішча беларусаў і беларусак у выгнанні, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну і не маюць магчымасцяў бяспечна вярнуцца дадому. 

Пра кур’ёзную забарону, вынесеную палітвязню ў судовым парадку, паведаміла Марына Адамовіч, жонка зняволенага палітыка. Паводле спадарыні Марыны, на падставе таго, што Мікалай Статкевіч не выканаў ранейшае судовае распараджэнне пра выплату 133 тысяч рублёў, суд Маскоўскага раёну Менску абмежаваў яму выезд за мяжу, забараніў удзел у азартных гульнях і наведванне казіно.

35-гадовы супрацоўнік касава-разліковага цэнтру асуджаны да да 4,5 гадоў калоніі. Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым па шасці артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 203-1 (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў), ч. 3 арт. 293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

З віцебскага ІЧУ адпусцілі найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду. Ён быў затрыманы 25 жніўня ў будынку суду Кастрычніцкага раёну, калі прыйшоў туды на адкрыты судовы працэс. Падставай для затрымання стаў медальён з Пагоняй, які спадар Хамайда адмовіўся зняць, калі на гэтым пачалі настойваць супрацоўнікі міліцыі.

Рашэннем Віцебскага абласнога суда ўлады ліквідавалі фонд "За адраджэнне", які быў зарэгістраваны ў 2020 годзе мясцовай жыхаркай Наталляй Астроўскай. 25 ліпеня Вярхоўны суд разгледзеўшы ў апеляцыйным парадку скаргу фонду рашэнне абласнога суда пакінуў без змены. Пасля гэтага арганізацыя страціла статус юрыдычнай асобы.

На рэсурсе «Зручны горад» створана петыцыя № 5461 змест якой адрасаваны Полацкаму райвыканкаму і мясцоваму прадпрыемству ЖКГ. У петыцыі змяшчаецца заклік добраўпарадкаваць тэрыторыю мікрараёна Аэрапорт-3 у Полацку. У цяперашні час зварот падпісала 27 чалавек, якія дамагаюцца абароны сваіх правоў на бяспечнае і добраўпарадкаванае асяроддзе пасялення. Падпісаць зварот можна тут

Вядомы віцебскі апазіцыйны актывіст прыйшоў у суд Кастрычніцкага раёну, каб падтрымаць журналістку Таццяну Матвееву, якую асудзілі да 8-мі сутак арышту. Але на працэс спадар Хамайда не трапіў: яго спынілі каля паста дзяжурнага міліцыянта. Паводле відавочцаў, той самы міліцыянт Уладзіслаў Шышкавец, які склаў на журналістку пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне, заўважыў у Барыса Хамайды медальён з Пагоняй і загадаў яго зняць. Апазіцыянер не падпарадкаваўся.