Разгон акцыі каля Камароўскага рынку ў Мінску 8 верасня. У Мінску і іншых гарадах Беларусі працягваюцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцый пратэсту, якія адбываліся з 4 па 8 верасня. "Вясна" абнаўляе вынікі судоў анлайн. 

Максім Знак. Фота: TUT.BY Сябра Прэзідыума КС Беларусі юрыст Максім Знак ранкам 9 верасня паспеў напісаць прадзюсару "Эхо Москвы" паведамленне са словам "маскі”. Зараз з ім не могуць звязацца яго памочнікі.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў у працоўную групу ААН па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях паведамленне па сітуацыі з выкраданнем Марыі Калеснікавай. Згодна з мандатам рабочай групы па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях, яна прымае, разглядае і перадае дзяржавам паведамленні аб гвалтоўных знікненнях, пададзеных сваякамі асоб, зніклых без вестак, або праваабарончымі арганізацыямі, якія прадстаўляюць іх інтарэсы. Рабочая група просіць дзяржавы правесці расследавання і паведаміць працоўную групу аб выніках.

Беларускія ўлады павінны неадкладна раскрыць лёс і месцазнаходжанне лідаркі апазіцыі Марыі Калеснікавай і неадкладна вызваліць яе, заявіла 8 верасня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Са слоў відавочцаў, Марыя Калеснікава была выкрадзеная людзьмі ў масках у Мінску ў панядзелак раніцай, што супярэчыць сцвярджэнням беларускіх уладаў, што яна была затрыманая на мяжы з Украінай у ноч на аўторак.

Рада Еўропы сур'ёзна занепакоеная парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, гаворыцца ў заяве генеральнага сакратара РЕ Марыі Пейчыновіч-Бурыч, распаўсюджанай 8 верасня прэс-службай гэтай міжнароднай арганізацыі.

Віталь Трыгубаў. Фота spring96.org Супрацоўнікі Следчага камітэту раніцай 8 верасня прыйшлі па месцы жыхарства актывіста "Маладога фронту" Віталя Трыгубава. Аднак дома яго не было. Маці запыталася праз дзверы ў следчага, чаму той цікавіцца Віталём. Той паведаміў, што хоча дапытаць Трыгубава ў межах крымінальнай справы, аднак якой – не паведаміў.

6 верасня старшыню праўлення грамадскага аб'яднання "Экадом" Ірыну Сухій забралі з кватэры яе 93-гадовай маці трое міліцыянтаў. Двое былі ў балаклавах. Родныя кажуць, у кватэры таксама правялі ператрус (або агляд). Сёння справу Ірыны, якая правяла ноч у ізалятары, разгледзелі ў судзе, матэрыялы вярнулі ў РУУС для ліквідацыі недахопаў, піша TUT.BY. Пасля суда стала вядома, што дадому яе не адпусцілі, а адправілі на Акрэсціна. Дачка Ірыны Ганна Воўк у сацсетках апісала, як затрымлівалі яе маці 6 верасня:

У судзе Цэнтральнага раёна горада Менска прайшло судовае паседжанне над журналісткай-фрылансеркай Анастасіяй Захарэвіч. Паказанні сведкі Цітова (міліцыянта Цэнтральнага РУУС) не супалі з пратаколам і рапартам, падпісаным яго імем, аднак гэта не перашкодзіла суддзі Шабуне вынесці рашэнне аб арышце ў 7 сутак. У судовым пасяджэнні Анастасія Захарэвіч удзельнічала праз відэаканферэнцсувязь з дапамогай праграмы Skype. На дадзены момант яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання (1-ы завулак Акрэсціна). Затрымалі журналістку пятага верасня ў 16.45, згодна са складзеным пратаколам. Таксама ў пратаколе пазначана, што Анастасія наўмысна парушыла закон Аб масавых мерапрыемствах, паўдзельнічаўшы ў вулічным шэсці ў перыяд часу з 15.30 да 16.30 па маршруце ад вуліцы Веры Харужай, 8 да праспекта Незалежнасці, 47. Сама Анастасія патлумачыла на судзе, што сапраўды знаходзілася там, аднак лозунгі не выкрыквала, не мела ніякай атрыбутыкі і вялікую частку часу ішла ў баку ад калоны. Яна рабіла фатаграфіі шэсця, каб пасля частку з іх размясціць на сваёй старонцы facebook, а ў выпадку цікавасці да іх з боку СМІ – прадаставіць іх ім. Анастасія з'яўляецца журналісткай-фрылансеркай і апошнія тры гады працуе па дамове падраду, актыўна супрацоўнічае з TUT.BY і "Экадом".

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арўанізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, яшчэ тры дэпутаты Бундэстага Германіі сталі “хроснымі” для беларускіх палітвязняў. Карл-Хайнц Брунэр, Амід Нурыпур і Франк Швабэ патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Карл-Хайнц Брунэр, дэпутат Бундэстага ад СДПГ, стаў “хросным” Эдуарда Бабарыкі. Ён заяўляе: