Як паведамляе "Віцебская Вясна", актывісты "Народнай Грамады" атрымалі забарону на правядзеньне агітацыйных пікетаў у Віцебску ўжо пасля таго, як гэтыя пікеты правялі. Аб іх правядзенні паведамлялі ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну яшчэ 24 кастрычніка, адказ з адмовай атрымалі ажно 4 лістапада.  Пікет пад лозунгам «Саюз з Расеяй – гэта вайна і беднасць» ладзіўся 3 лістапада ў межах перадвыбарчай агітацыі кандыдата ў дэпутаты Уладзімера Арцымана, які вылучаецца па Гарадзенскай-Цэнтральнай акрузе № 51. Падобны пікет з патрабаваннем вызваліць палітвязняў праходзіў таксама і 27 кастрычніка. Тады ніякіх прэтэнзій мясцовыя органы ўлады не выказвалі.

Агітацыйны стэнд на пікеце 3 лістапада
Пікет у Віцебску 3 лістапада

«Яшчэ на самым пачатку да мяне падышла жанчына, назвалася супрацоўніцай адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску, паказала пасведчанне і запатрабавала, каб мы спынілі пікет. Паведаміла, што мы не маем права на яго правядзенне, бо, маўляў, кандыдат – з іншага гораду, а значыць, мы парушаем закон аб масавых мерапрыемствах. Але сыходзіць мы адмовіліся», – расказаў віцебскі актывіст Уладзімер Кійко, давераная асоба кандыдата Арцымана.

Паводле Кійко, жанчына з адміністрацыі прыгразіла нават, што выклікае міліцыю, але не зрабіла гэтага. Паабяцала, што дашле афіцыйную паперу.

На наступны дзень, 4 лістапада, Уладзімер Кійко сапраўды атрымаў афіцыйны ліст з адміністрацыі. Мясцовыя чыноўнікі прапанавалі правесці пікет у адпаведнасці з Законам аб масавых мерапрыемствах.

vitebsk-piket.jpg
Агітацыйны стэнд на пікеце 3 лістапада

Кійко сцвярджае, што паведамленне аб правядзенні пікетаў з указаннем часу і месца было накіраванае ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну яшчэ 24 кастрычніка. У паведамленні заяўнік спасылаўся на арт. 45-1 Выбарчага Кодэксу, паводле якога «для арганізацыі масавага мерапрыемства кандыдат у дэпутаты, давераная асоба кандыдата накіроўвае паведамленне ў мясцовы выканаўчы i распарадчы орган, на тэрыторыі якога плануецца яго правядзенне».

На гэты самы артыкул (45-1 ВК) спасылаецца і адміністрацыя, але сцвярджае, што «агітацыйныя мерапрыемствы праводзяцца кандыдатамі ў дэпутаты, іх даверанымі асобамі сярод і для выбаршчыкаў акругі».

«Чыноўніца, якая падыходзіла да мяне на пікеце, сказала, што, перш чым праводзіць сваё мерапрыемства, я павінен заключыць дамовы з міліцыяй, камунальнікамі і яшчэ з кімсьці і толькі тады прыходзіць да іх з заяўкай на правядзенне», – падзяліўся падрабязнасцямі Уладзімер.

У адказе, дасланым Уладзімеру Кійко з адміністрацыі, нічога не гаворыцца пра тое, што паводле таго ж арт. 45 ВК, «мясцовы выканаўчы орган абавязаны не пазней чым на наступны дзень пасля атрымання паведамлення давесці да ведама заяўніка прапанову аб змене месца правядзення масавага мерапрыемства».

То бок адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску, кіруючыся Выбарчым Кодэксам, мусіла даслаць свой ліст арганізатарам пікету яшчэ 25 кастрычніка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Віцебскія ўлады забаранілі ладзіць агітацыйны пікет, які ўжо адбыўся