Серада, 06 Лістапад 2019

Віцебскія ўлады забаранілі ладзіць агітацыйны пікет, які ўжо адбыўся

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Пікет у Віцебску 3 лістапада Пікет у Віцебску 3 лістапада

Актывісты «Народнай Грамады» атрымалі забарону на правядзеньне агітацыйных пікетаў у Віцебску ўжо пасьля таго, як гэтыя пікеты правялі. Аб іх правядзеньні паведамлялі ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну яшчэ 24 кастрычніка, адказ з адмовай атрымалі ажно 4 лістапада…

Пікет пад лёзунгам «Саюз з Расеяй – гэта вайна і беднасьць» ладзіўся 3 лістапада ў межах перадвыбарчай агітацыі кандыдата ў дэпутаты Уладзімера Арцымана, які вылучаецца па Гарадзенскай-Цэнтральнай акрузе № 51. Падобны пікет з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў праходзіў таксама і 27 кастрычніка. Тады ніякіх прэтэнзій мясцовыя органы ўлады не выказвалі.

«Яшчэ на самым пачатку да мяне падышла жанчына, назвалася супрацоўніцай адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску, паказала пасьведчаньне і запатрабавала, каб мы спынілі пікет. Паведаміла, што мы ня маем права на яго правядзеньне, бо, маўляў, кандыдат – зь іншага гораду, а значыць, мы парушаем закон аб масавых мерапрыемствах. Але сыходзіць мы адмовіліся», – расказаў віцебскі актывіст Уладзімер Кійко, давераная асоба кандыдата Арцымана.

Агітацыйны стэнд на пікеце 3 лістапада

Паводле Кійко, жанчына з адміністрацыі прыгразіла нават, што выклікае міліцыю, але не зрабіла гэтага. Паабяцала, што дашле афіцыйную паперу.

На наступны дзень, 4 лістапада, Уладзімер Кійко сапраўды атрымаў афіцыйны ліст з адміністрацыі. Мясцовыя чыноўнікі прапанавалі правесьці пікет у адпаведнасьці з Законам аб масавых мерапрыемствах.

Кійко сьцьвярджае, што паведамленьне аб правядзеньні пікетаў з указаньнем часу і месца было накіраванае ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну яшчэ 24 кастрычніка. У паведамленьні заяўнік спасылаўся на арт. 45-1 Выбарчага Кодэксу, паводле якога «для арганізацыі масавага мерапрыемства кандыдат у дэпутаты, давераная асоба кандыдата накіроўвае паведамленьне ў мясцовы выканаўчы i распарадчы орган, на тэрыторыі якога плянуецца яго правядзеньне».

На гэты самы артыкул (45-1 ВК) спасылаецца і адміністрацыя, але сьцьвярджае, што «агітацыйныя мерапрыемствы праводзяцца кандыдатамі ў дэпутаты, іх даверанымі асобамі сярод і для выбаршчыкаў акругі».

«Чыноўніца, якая падыходзіла да мяне на пікеце, сказала, што, перш чым праводзіць сваё мерапрыемства, я павінен заключыць дамовы зь міліцыяй, камунальнікамі і яшчэ з кімсьці і толькі тады прыходзіць да іх з заяўкай на правядзеньне», – падзяліўся падрабязнасьцямі Уладзімер.

У адказе, дасланым Уладзімеру Кійко з адміністрацыі, нічога не гаворыцца пра тое, што паводле таго ж арт. 45 ВК, «мясцовы выканаўчы орган абавязаны не пазьней чым на наступны дзень пасьля атрыманьня паведамленьня давесьці да ведама заяўніка прапанову аб зьмене месца правядзеньня масавага мерапрыемства».

То бок адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску, кіруючыся Выбарчым Кодэксам, мусіла даслаць свой ліст арганізатарам пікету яшчэ 25 кастрычніка.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.