"Віцебская вясна" паведамляе, што ў суботу 10-га лістапада ў кватэры віцебскага псіхіятра Ігара Пастнова адбыўся ператрус. Міліцыянты шукалі наркотыкі, парнаграфію, фальшывыя грошы і перапіску з амбасадамі і праваабарончымі арганізацыямі. А ў выніку – забралі лампавы тэлевізар "Віцязь".
Як расказаў Ігар Пастноў, вобшук праводзілі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Віцебску ў межах раследавання крымінальнай справы, якая была распачатая супраць яго 13 жніўня 2018 году за паклёп (ч.2 арт. 188 КК РБ) на пракурора горада Віцебску Юрыя Раманоўскага. Справу вядзе следчая УСК па Віцебскай вобласці Людміла Руткоўская.
Паводле словаў Ігара Пастнова, ператрус цягнуўся дзве з паловай гадзіны – ад 17.30 до 20.00.
“Па завяршэнні ператрусу міліцыянты нічога не змаглі зрабіць, як арыштаваць мой старэнькі лампавы тэлевізар, які пазней плануюць прадаць, а атрыманыя з гэтага грошы перадаць маральна пакрыўджанаму пракурору Раманоўскаму”, – піша Пастноў.
Ігар Пастноў паведамляе, што гэта ўжо пяты ператрус у ягонай кватэры цягам апошніх гадоў, і ён быў падрыхтаваны да яго.
За тыдзень да ператрусу Ігар Пастноў паведамляў, што ў дачыненні яго хочуць распачаць яшчэ адну крымінальную справу. Гэтым разам – за абразу судзі суду Чыгуначнага раёну Віцебску Цыганковай.
Нагадаем, што 27 верасня Ігара Пастнова і ягонага паплечніка Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда гвалтам адправілі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі – пад канвоем і ў кайданках. Але галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру псіхіятрыі адмовіўся праводзіць экспертызу дастаўленых пад прымусам грамадзян. Віцябляне абскардзілі дзеянні следчай Руткоўскай і супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуры.
Крыніца: Шукалі перапіску з амбасадамі і праваабарончымі арганізацыямі, а забралі лампавы тэлевізар "Віцязь"