Кіраўнік грамадзкай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў звярнуўся са скаргай ў Вярхоўны суд на рашэнне Віцебскага раённага суда, які абвінаваціў яго ў самавольным пахаванні чалавечых парэшткаў у месцы, не прадугледжаным для такіх мэтаў заканадаўствам (арт. 23.43 КаАП). Гэта апошняя судовая інстанцыя, якая можа ўстанавіць невінаватасць актывіста ў здзяйсненні правапарушэння.
Яшчэ ў сакавіку скаргу актывіста разгледзеў Віцебскі абласны суд, але пакінуў рашэнне раённага суда без зменаў, а скаргу без задавальнення. Тады ў сваёй скарзе Ян Дзяржаўцаў адзначыў, што закон аб пахаванні тлумачыць неабходнасць дзеянняў, звязаных са смерцю людзей у мірны час, калі дазвол на пахаванне выдаецца пры наяўнасці дакумэнтаў, якія змяшчаюць пашпартныя дадзеныя і канстатуюць прычыны смерці памерлага. Але ж у ягоным выпадку размова вядзецца пра пахаванне чалавечых фрагмэнтаў, якія былі захаваныя яшчэ ў мінулым стагоддзі і аказаліся на паверхні праз работы чорных капальнікаў і вайскоўцаў пошукавага батальёну. Больш за тое, што ў законе нідзе не згадваецца такое паняцце, як “ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў”, высветліць прозвішчы якіх у цяперашні момант не ўяўляецца магчымым. Фактычна гэта не было пахаванне, якое ўпісвалася б у вызначаную заканадаўствам прававую логіку.
Нагадаем, пачынаючы з 2014 году, Ян Дзяржаўцаў разам са сваімі паплечнікамі неаднаразова звяртаўся ў Мазалаўскі сельскі савет, Віцебскі выканаўчы камітэт, Віцебскае епархіяльнае ўпраўленне і іншыя ўстановы раёну і вобласці з прапановай паспрыяць тэрміноваму пахаванню парэшткаў, якія валяліся па лесе без належнага догляду і пашаны. І ў 2015-м, і ў 2017 годзе актывісты звярталіся да ўладаў з просьбай пахаваць знойдзеныя ва ўрочышчы Хайсы парэшткі ахвяраў сталінізму непасрэдна на тым месцы, дзе яны былі знойдзеныя. Аднак, ніводзін зварот сябраў ініцыятывы не быў пачуты, таму імі было прынятае рашэнне ўпарадкаваць знойдзеныя парэшткі самастойна без усялякіх узгадненняў, згодна з чалавечым сумленнем і хрысціянскім звычаем.
Тады Віцебскі раённы суд палічыў дзеянні Яна Дзяржаўцава незаконнымі і аштрафаваў яго на пяць базавых велічынь. Цікава, што адзін раз Віцебскі абласны суд адмяніў пастанову раённага суда і накіраваў справу актывіста на новы разгляд. Аднак, і паўторны разгляд не даў плёну – суд вынес аналагічнае рашэнне.