Перадвыбарны пікет сябраў БНФ у Віцебску Заўважнай адметнасцю сёлетніх перадвыбарных апазыцыйных пікетаў у Віцебску стала абавязковая прысутнасць на іх супрацоўнікаў спецслужбаў, якія вядуць непрыхаваную відэафіксацыю. Пры гэтым гараджанне не наважваюцца падыходзіць да такіх пікетаў.

Пра гэта пішуць нашыя назіральнікі на сайце “Віцебская вясна”.

Так, не абмінулі людзі ў цывільным і пікет чатырох кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага гарсавету ад партыі БНФ, які прайшоў на пачатку лютага ля гандлёва-забаўляльнага цэнтру “Марка-Сіці”.

Перадвыбарны пікет сябраў БНФ у Віцебску
Фота vitebskspring.org

Удзельнікі пікету – Аляксей Гаўруцікаў з Пралетарскай выбарчай акругі №53, Хрыстафор Жаляпаў з Лучоскай выбарчай акругі №15, Аляксандар Ільінец з Моладзевай выбарчай акругі №29 і Уладзімір Сіманковіч з Лазоўскай выбарчай акругі №11 - нагадалі віцебчукам пра выбары, пра партыю БНФ, пра нацыянальны сцяг ды адказалі на пытанні цікаўных выбаршчыкаў.

Пікет ладзіўся ў людным месцы, але падыходзіць да кандыдатаў у дэпутаты наважваліся нямногія. Як мяркуюць удзельнікі пікету, гэта адбылося і з той прычыны, што невядомы відэаапэратар у чорным, відаць, з мэтай усебаковай фіксацыі падзеяў, метадычна абыходзіў месца пікету па коле.

Грамадзкасць насцярожвае, што кожны пікет апошнім часам становіцца аб’ектам увагі спецслужбаў, падкрэсліваюць назіральнікі.

Пад увагу спецслужбаў патрапілі і актывісты БХД, якія 31 студзеня выступалі супраць блакіроўкі сайту «Хартыя-97». Агітуючы віцебчукоў галасаваць за кандыдатку ў дэпутаты Віцебскага гарсавету па Чкалаўскай акрузе №18 Ірыну Захараву, яны нагадвалі пра канстытуцыйнае права беларусаў на свабоду слова.  Увесь час, пакуль хрысціянскія дэмакраты агітавалі, з супрацьлеглага боку вуліцы Леніна за дзеяннямі актывістаў і грамадзянаў назіралі невядомыя асобы ў цывільным.

Перадвыбарны пікет сябраў БНФ у Віцебску 31 студзеня 2018 г.
Фота vitebskspring.org

"Ад пачатку агітацыйнай кампаніі мы праводзім ужо трэці пікет. Абурае прысутнасьць непадалёк ад нашых пікетаў невядомых асобаў, якія вядуць за намі непрыхаванае сачэнне. Учора на пікеце нас было чатыры жанчыны, а вось апекаваліся намі ажно пяцёра супрацоўнікаў МУС ці КДБ. Стаяць непадалёк дужыя мужчыны і здымаюць на камеру – робіцца брыдка. Некаторых пільных гараджанаў такая сітуацыя напружвае, бо людзі не жадаюць трапляць у аб’ектыў спецслужбаў.

Тым не менш, пэўны эфэкт ад нашых пікетаў ёсць. Сёння ўвагу мінакоў прыцягваюць невялікія плакаты ў нашых руках: «Чытаю Хартыю», «Гляджу Белсат», «Так ня будзе». Праязджаюць у грамадскім транспарце людзі, праходзяць мінакі - звяртаюць увагу, чытаюць, а некаторыя нават падыходзяць і гукаюць: «Жыве Беларусь!»", - распавяла кандыдатка назіральнікам.

Увогуле, паводле назіральнікаў, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў актыўна ўдзельнічаюць у агітацыйных пікетах. Але, нягледзячы на падвышэнне градусу палітычнай актыўнасці, назваць сёлетнія выбары ў мясцовыя саветы свабоднымі і дэмакратычнымі язык не паварочваецца.

Рэакцыя гараджанаў на пікеты досыць стрыманая. Размаўляць з пікетоўцамі, кандыдатамі ў дэпутаты ці прадстаўнікамі прэсы віцебчукі амаль не наважваюцца. Дзяржаўная прапаганда, абмежаванасць доступу да свабодных медыяў і адсутнасць унутранай патрэбы ў актыўнай грамадзянскай паіцыі спрычыніліся да агульнай абыякавасці і няверы: людзі не спадзяюцца, што можна змяніць палітычную сітуацыю праз выбары.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: Віцебск: агітацыйныя пікеты апазіцыйных кандыдатаў пад пільнай увагай спецслужбаў