Не абмінулі людзі ў цывільным і пікет чатырох кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага гарсавету ад партыі БНФ, які прайшоў на пачатку лютага ля гандлёва-забаўляльнага цэнтру “Марка-Сіці”.
Удзельнікі пікету Аляксей Гаўруцікаў, Хрыстафор Жаляпаў, Аляксандар Ільінец і Ўладзімер Сіманковіч нагадалі віцебчукам пра выбары, пра партыю БНФ, пра нескароны нацыянальны сьцяг ды адказалі на пытаньні цікаўных выбаршчыкаў.
Пікет ладзіўся ў людным месцы, але падыходзіць да кандыдатаў у дэпутаты наважваліся нямногія. Як мяркуюць удзельнікі імпрэзы, гэта адбылося і з той прычыны, што невядомы відэаапэратар у чорным, відаць, з мэтай усебаковай фіксацыі падзеяў, мэтадычна абыходзіў месца пікету па коле.
Грамадзкасьць насьцярожвае, што кожны пікет апошнім часам становіцца аб’ектам увагі спэцслужбаў. На жаль, гэта можа сьведчыць толькі пра адно: Беларусь канчаткова ператвараецца ў паліцэйскую дзяржаву, якая намагаецца кантраляваць кожны крок сваіх актыўных грамадзянаў, і ў якой правядзеньне справядлівых выбараў немагчыма ў прынцыпе.
Старшыня праўленьня Віцебскага грамадзкага аб’яднаньня “Самакіраваньне і грамадзтва”, сябра партыі БНФ і руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў балятуецца ў Віцебскі гарсавет па Лучоскай выбарчай акрузе №15. У канцы мінулага стагодзьдзя ён ужо быў дэпутатам гарсавету, таму ў ягонай выбарчай праграме два галоўныя пункты:
– Пры ўмове майго абраньня маю намер дарабіць пачатае тады.
Па-першае, завяршыць асфальтаваньне вуліц прыватнага сэктару і паспрыяць вырашэньню праблемы падтапленьня зямельных участкаў праз стварэньне цывілізаванай сыстэмы водаадводу.
І, па-другое, абяцаю выбаршчыкам кантраляваць выкарыстаньне сродкаў гарадзкога бюджэту, які цяпер непадкантрольны ані дэпутатам, ані гараджанам. Напрыклад, цяжка назваць эфэктыўным і мэтазгодным рашэньне гарвыканкаму пабудаваць Палац шлюбаў на плошчы Тысячагодзьдзя ў час, калі існуе процьма надзённых праблемаў. Так, жыхары 1-й Сеньненскай, якія прасілі заасфальтаваць сваю вуліцу, атрымалі чарговую адмову. Выходзіць, што на Палац шлюбаў грошы ёсьць, а на асфальтаваньне вуліцы няма. І гэта адбываецца толькі з-за адсутнасьці кантролю з боку дэпутатаў і грамадзкасьці. Чыноўнікі гарвыканкаму выкарыстоўваюць бюджэт па сваім разуменьні, або, як той казаў, расьпілоўваюць.
Сябра БНФ Уладзімер Сіманковіч балятуецца па Лазоўскай выбарчай акрузе №11, на тэрыторыі якой стала жыве ўжо 20 гадоў і добра ведае праблемы, што хвалююць месьцічаў. Найгалоўнейшымі зь іх ён лічыць асьвятленьне і асфальтаваньне міждваровых і міждамавых тэрыторыяў. Як кажа кандыдат у дэпутаты, ён не аднойчы ўздымаў гэтыя праблемы ў інтэрнэце і зьвяртаўся па іх вырашэньне да ўладаў.
– На сёньняшні пікет я прыйшоў з адной мэтай, каб засьведчыць, што ў Віцебску ёсьць неабыякавыя, адказныя людзі, якія дбаюць пра дабрабыт гараджанаў, іх будучыню і будучыню краіны. Прыйшоў, каб прадэманстраваць, што ўлады ня ўсім закрылі раты, што ёсьць актывісты, якія не баяцца выступаць у абарону правоў грамадзянаў, – кажа спадар Сіманковіч.
Аляксей Гаўруцікаў, які балятуецца па Пралетарскай выбарчай акрузе №53 пракамэнтаваў сваю прысутнасьць на пікеце наступным чынам:
– Мы стаім тут, каб ня толькі людзі бачылі, але і супрацоўнікі спэцслужбаў, якія робяць відэаздымку, ведалі, што мы маем права карыстацца беларускім нацыянальным сьцягам, і нам за гэта нічога ня будзе. Гэта вельмі важна, іх таксама трэба выхоўваць, і яны мусяць псыхалягічна прызвычайвацца.
Аляксандар Ільінец вылучаецца кандыдатам у дэпутаты па Моладзевай выбарчай акрузе №29 у мікрараёне Поўдзень-5, жыхаром якога ён зьяўляецца трыццаць гадоў.
– Праблемаў у мікрараёне хапае, і вырашаць іх абавязкова трэба. Калі казаць пра самы мінімум, то гэта пашырэньне сеткі ўладкаваных дзіцячых пляцовак, павелічэньне паркавальных месцаў і даўно насьпелы рамонт пад’ездаў.
Гняце, праўда, тая акалічнасьць, што правесьці па-сапраўднаму цывілізаваную перадвыбарчую кампанію не дазваляе грашовая абмежаванасьць і сама адсутнасьць сумленных выбараў. Прыкладам, пасьля запісу майго выступу на радыё мне сказалі, што пачуць яго можна на хвалях FM-91,2, але скарыстацца такой магчымасьцю ня здолеў ні я, ні мае сваякі ды знаёмыя, бо насамрэч выступ пракруцілі у дыяпазоне УКВ.
С. Горкі