«У асноўным шукалі гаджэты, камп'ютары, дакументы якія б сведчылі, што я, на іх думку, з'яўляюся арганізатарам нейкіх экстрэмісцкіх фармаванняў, што я трымаю сувязь з замежжам, што фінансую гэтыя арганізацыі нейкім чынам. Нічога не знайшлі», – расказаў Міхаіл Жамчужны пасля вызвалення.
Па ягоных словах, гаджэты, якія ў яго забралі, былі абсалютна чыстыя. Напярэдадні ў Жамчужнага меўся адбыцца суд па прэвентыўным наглядзе, і ён добра да гэтага падрыхтаваўся.
Наконт допыту заўважыў, што ён быў «даволі працяглы і з правакацыямі».
«Нумары артыкулаў не запомніў, але а па іх змесце – гэта фінансаванне экстрэмісцкіх арганізацый і арганізацыя пратэстаў. Называлі шэраг прозвішчаў, якія я ніколі ў жыцці не чуў. Запытвалі, на што я жыву, хто мне дапамагае, хто мяне сустракаў з "зоны", хто фатаграфаваў, у якіх я чатах знаходжуся», – расказаў Жамчужны.
«Яны, канечне, разумелі, што з мяне пасля 11 гадоў адседкі нічога не дабʼешся, Пратакол я не падпісваў, паказанні не даваў, так і разышліся», – патлумачыў.
1 снежня праз допыт і ператрус прайшоў таксама віцебскі актывіст Мікола Качурэц. Стала вядома, што ён таксама ўжо на волі. Віцяблянін Уладзімір Кійко змог пазбегнуць ператруса і затрымання, ён на свабодзе.