У жыхара Смаргоні Барыса Зьмітровіча нязначная сварка з жонкай сталася падставай для затрыманьня, падчас якога ён быў моцна зьбіты і атрымаў хімічны апёк вачэй. Зьбіцьцё працягвалася і ў памяшканьні дзяжурнай часьці міліцыі, куды яго прывезьлі потым.
Позна ўвечары 14 студзеня, пасьля сьвяткаваньня юбілею бацькі ў рэстаране, у маладых сужэнцаў адбылася спрэчка. Барыс зьлёгку адштурхнуў жонку і пайшоў дадому. Але, абураная, жанчына бязь лішніх думак набрала “102” і папрасіла аб дапамозе. Зварот у міліцыю паступіў міліцэйскаму патрулю, што якраз праяжджаў міма. Не разабраўшыся ў сутнасьці канфлікту, міліцыянты адразу зарыентавалі іншыя патрулі на затрыманьне Зьмітровіча.
Далей падзеі разьвіваліся вельмі імкліва і катастрафічным для Барыса чынам. Ні аб чым не здагадваючыся, ён ішоў па начным парку, калі наўпрост па пешаходнай дарожцы прамчалася міліцэйскае аўто зь мігалкай.
“Нешта здарылася”, – пасьпеў падумаць Барыс.
Але да яго ўжо беглі трое супрацоўнікаў міліцыі.
Яны нічога ня ведалі пра дэталі канфлікту паміж мужам і жонкай, і, не тлумачачы канкрэтных прычын затрыманьня, патрабавалі ад Барыса праехацца зь імі ў аддзяленьне міліцыі. Маўляў, атрымалі на вас скаргу, ад каго і зь якой прычыны – ня ведаем. Барыс Зьмітровіч, упэўнены, што ні ў чым не вінаваты, у міліцыю ехаць адмовіўся – наадрэз…
Успамінае маці пацярпелага, Натальля Васільеўна:
“Сын паспрабаваў высьветліць прычыну затрыманьня, але ў адказ пачуў толькі: “Праедзем у РАУС”. Пасьля гэтага два супрацоўнікі заламалі сыну рукі, пырснулі ў твар газам з балёнчыка, павалілі на дарожку і, зашчапіўшы на руках кайданкі, пачалі біць нагамі. Трэці міліцыянт працягваў “апрацоўваць” вочы мужчыны пярцовым газам.
Пасьля гэтага зьбітага і акрываўленага Барыса зацягнулі ў аўтамабіль і даставілі ў РАУС.
Там сына трымалі ў кайданках больш за паўгадзіны, хаця паводзіў ён сябе спакойна, ніякай патрэбы ў выкарыстаньні спэцсродкаў не было. Яму нічога не патлумачылі і не аказалі мэдычнай дапамогі, хоць сын стагнаў ад болю, вельмі моцна пякло ў вачох”.
У аддзяленьні думалі так: калі Зьмітровіч жонку ня біў, то гвалтоўнае затрыманьне давядзецца нечым патлумачыць. Таму вырашылі прыцягнуць да адказнасьці за зьяўленьне ўначы ў зімовым і бязьлюдным парку ў стане алькагольнага ап’яненьня. Не здымаючы кайданкоў, павезьлі ў лякарню на мэдычны агляд. Затрыманы скардзіўся на боль у вачах, казаў, што душыцца ад недахопу паветра, але скаргі гэтыя засталіся па-за ўвагай міліцыі. Паводле закону, яны мусілі аказаць чалавеку неадкладную дапамогу.
Мэдыкі цэнтральнай райбальніцы таксама чамусьці выконвалі свае абавязкі нядбайна і патрэбнай дапамогі не аказалі – шукалі і мералі найперш алькаголь у крыві. Што казаць, калі дзяжурны лекар не заўважыў нават апёку кан’юктывы вачэй.
У выніку знайшлі ў крыві 1,55 праміле алькаголю. Пасьля лекар вырашыў пратэставаць мужчыну ў пазыцыі Ромбэрга (стаяньне з выцягнутымі наперад рукамі, каб высьветліць устойлівасьць пацыента), не зважаючы на хімічны апёк вачэй і кайданкі на запясьцях. Канстатаваў нарэшце, што мужчына знаходзіцца ў стане ап’яненьня, хоць і адзначыў, што на ўсе пытаньні дасьледаваны адказваў выразна.
Далей распавядае маці Барыса:
“Мы пачалі шукаць сына і, калі даведаліся, што ён у міліцыі, адразу ж паехалі туды і, у рэшце рэшт, забралі акрываўленага Барыса ў падранай куртцы і з разьбітым тэлефонам дадому. Толькі тады выклікалі хуткую дапамогу, каб аказала неабходную мэдычную дапамогу”.
З высноваў судмэдэкспэрту:
“У Зьмітровіча Б.В. маюцца пашкоджаньні цела: хімічны апёк кан’юктывы абодвух вачэй, сінякі і ранка на твары, сіняк у правай паясьнічна-падуздышнай вобласьці і сінякі ў раёне прыдалоневых суставаў… Яны ўзьніклі праз узьдзеяньне цьвёрдых тупых прадметаў… узьніклі ад сьлізгальных узьдзеяньняў рубавідных прадметаў (тупыя дзьвюхгранныя вуглы)”
Як гэта падобна на сьляды ад удараў міліцэйскімі берцамі. Але на гэтае пытаньне ні жонцы пацярпелага, ні яго маці не адказалі ні ў міліцыі, ні ў Сьледчым камітэце.
Паводле словаў маці, рапартаў аб затрыманьні ў аддзяленьні міліцыі ніхто не складаў. Гэта ўжо пазьней зьявіліся пратаколы, а калі яна забірала сына зь міліцыі, начальнік паабяцаў аформіць фармальны пратакол і адпусьціць. Ну і склалі пратакол за парушэньне паводле арт. 17.3 КаАП (расьпіцьцё алькагольных напояў альбо знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня). А яе сын – праз апёк вачэй – нават прачытаць ня мог, пад чым падпісваецца. Толькі ў панядзелак, калі Зьмітровічы падалі заяву ў міліцыю на дзеяньні супрацоўнікаў, якія праводзілі затрыманьне, быў напісаны рапарт – з памылкамі па часе затрыманьня.
Больш за 9 месяцаў таму Барыс Зьмітровіч зьвярнуўся ў раённы аддзел Сьледчага камітэту з заявай аб прыцягненьні супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі яго, да адказнасьці за зьбіцьцё падчас затрыманьня. За гэты час сьледчы Грышачкін прыняў тры пастановы аб адмове ў распачацьці крымінальнай справы. Ва ўсіх пастановах дзеяньні супрацоўнікаў прызнаныя законнымі. Дзьве пастановы былі скасаваныя, а скаргу на апошнюю разглядае Гарадзенская абласная пракуратура. Адхіленыя былі і скаргі па факце зьбіцьця пры затрыманьні, пададзеныя ў службу асабістай бясьпекі міліцыі.
Кажа Натальля Васільеўна:
“Каб дабіцца справядлівасьці, мы фактычна змагаемся з многімі інстанцыямі: міліцыяй, пракуратурай, сьледчымі. Практычна ўсюды сустракаем фальш і непаразуменьне.
Мы ўпершыню сутыкнуліся з такой несправядлівасьцю, з усёй гэтай сыстэмай. Ведалі, што несправядлівасьць здараецца, але каб вось так?.. Куды ні зьвернемся, у якія дзьверы ні пагрукаем – усюды маўчаньне і неразуменьне.
А самы часты адказ, які мы чулі за гэты час, – “ня ведаю…”
Я нават сьледчаму Грышачкіну сказала аднойчы: “Вось я пэдагогам працую. Дык у нас, калі вучань ня ведае свой прадмет, ставіцца адзнака “два”. Дык жа і вашай працы можна ставіць двойку. Што ж гэта робіцца? Няўжо нельга затрымліваць паводле закону, ня зьдзекуючыся з чалавека, не заліваючы яму ў вочы пярцовы газ? Яны ж сарваліся тады, нібыта сабакі з ланцугоў. Мы ж у грамадзтве жывем, і міліцыя бараніць нас павінна, а не калечыць. І чаму мы павінны баяцца супрацоўнікаў міліцыі?
Урэшце апынулася, што мой сын не вінаваты ні па арт. 17.3, ні па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі). Дык за што ж яны тады яго пабілі?..”
Ці былі дзеяньні міліцыі законнымі?
Супрацоўнікі не патлумачылі грамадзяніну падставы абмежаваньня права, назвалі яму выдуманую прычыну затрыманьня. Пазьней спасылаліся на тое, што фармальнай прычынай было знаходжаньне нецьвярозага чалавека ў грамадзкім месцы.
Але само па сабе знаходжаньне нецьвярозага ў грамадзкім месцы ня ёсьць правапарушэньнем, а значыцца, падставаў для затрыманьня Барыса не было. Правапарушэньняў ён не ўчыняў. Патрабаваньне паехаць у аддзяленьне, фактычна – затрыманьне, былі неправамернымі.
А выкарыстаньне сьлезацечнага газу ва ўмовах, калі сілы нараду міліцыі заведама пераўзыходзяць сілы чалавека, якога маюць затрымаць, калі, тым больш, ён не аказвае актыўнага супраціву ды няма ніякіх падставаў турбавацца пра жыцьцё і здароўе супрацоўнікаў і мінакоў – непрапарцыйнае, а значыцца, беспадстаўнае дзеяньне.
Зьбіцьцё затрыманага, то бок выкарыстаньне фізычнай сілы не ў правамерных мэтах, ёсьць службовым злачынствам.
У памяшканьні аддзелу міліцыі затрыманы настойліва прасіў даць яму магчымасьць прамыць вочы ад сьлезацечнага рэчыва, але замест гэтага быў пабіты.
І сапраўды, шмат пытаньняў у сваякоў засталося пасьля прагляду запісу відэарэгістратара непасрэдна ў будынку РАУС. На відэа выразна бачна, як Зьмітровіч, які спакойна стаіць у калідоры ў атачэньні двух міліцыянтаў, раптам апынаецца на падлозе, а адзін з супрацоўнікаў пачынае чухаць, відаць, пабіты правы кулак. Але асноўная загадка хаваецца ў працягласьці запісу, зь якога (акурат у гэты момант) некуды зьніклі 22 сэкунды…
Расказвае Натальля Васільеўна:
“На гэты конт мы зьвярталіся ў міліцыю і атрымалі адказ, што прабел у запісе тлумачыцца завісаньнем кампутараў.
Потым мы зьвярнуліся ў аддзел асабістай бясьпекі, адказалі аналягічна: тэхнічны збой. У сваю чаргу, сын ня мог патлумачыць, зь якой прычыны ён упаў, бо праз апёк і моцны боль ня бачыў, хто яго ўдарыў. Але калі забіралі яго зь міліцыі, зьвярнулі ўвагу на разьбіты і акрываўлены нос у сына. Мы нават баяліся, што будзе пералом”.
У Барыса Зьмітровіча ёсьць пачуцьцё годнасьці і разуменьне грамадзянскіх правоў, таму адразу пасьля здарэньня ён зьвярнуўся з заявамі ў СК, пракуратуру і да кіраўніцтва МУС.
І вось, праз амаль што 9 месяцаў, Сьледчы камітэт прыйшоў да высновы: дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі правамерныя. Нават зьбіцьцё ў аддзеле міліцыі?..
Дык жа гэты факт наогул ня стаў прадметам дасьледаваньня ў межах праверкі, нягледзячы на наяўнасьць ужо згаданага запісу з камэры назіраньня ў матэрыялах. Зьдзіўлены нават экспэрт:
“Пададзеныя ў пастанове і паводле словаў падэкспэртнага абставіны не тлумачаць наяўнасьць у Зьмітровіча сінякоў на твары”.
Абскарджаньне неправамерных дзеяньняў смаргонскіх міліцыянтаў працягваецца.
Закон “Аб органах унутраных спраў”
Дзейнасьць органаў унутраных спраў ажыцьцяўляецца на прынцыпах:
- законнасьці;
- павагі і захаваньня правоў, свабодаў і законных інтарэсаў грамадзян;
- гуманізма…
#БезПраваНаРасправу
Мультымэдыйны праект #БезПраваНаРасправу ёсьць часткай дзейнасьці Праваабарончага цэнтру “Вясна” па выяўленьні выпадкаў катаваньняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.
На жаль, нямногія з падобных ахвяр вырашаюцца дамагацца пакараньня для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку міліцыянты застаюцца беспакаранымі, людзі – неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах – моцна скажонай. Праект #БезПраваНаРасправу закліканы зламаць сьцяну маўчаньня, страху і беззаконьня і паказаць, што катаваньням і жорсткім відам абыходжаньня можна і трэба супрацьстаяць.
Калі вы ці вашыя блізкія патрапілі ў сытуацыі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэньнем сваіх паўнамоцтваў, паведамляйце пра такія выпадкі ў Праваабарончы цэнтар "Вясна" па тэлефоне: +375 29 8413981 або па пошце: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Інфармацыя ў сацыяльных сетках па хэш-тэгу: #БезПраваНаРасправу.