Старшыню Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусю Смолікаву позву ў Сьледчы камітэт супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС уручылі на лесьвічнай пляцоўцы перад дзьвярыма ягонай кватэры недзе а палове на трэцюю. Яны ж давезьлі яго і да СК, куды ён згодна з позвай мусіў трапіць а трэцяй гадзіне. Сьледчы Іван Дземідовіч агарошыў партыйнага кіраўніка нечаканай заявай пра тое, што ён будзе апытаны ў якасьці сьведкі ў справе пра распаўсюд парнаграфіі. Парнаграфічная прадукцыя быццам бы распаўсюджвалася і праз ягоны акаўнт «УКантакце». Сваё дачыненьне да фэйкавага акаўнту актывіст цалкам адмаўляе. Ён патлумачыў, што ягоны асабісты акаўнт створаны па-беларуску, а прадэманстраваны сьледчым зьяўляецца цалкам расейскамоўным.
Быў затрыманы і каардынатар руху «За свабоду» па Віцебскай вобласці Леанід Гаравы. Перад затрыманьнем прыблізна два кілямэтры ён рухаўся па Гарадку ў суправаджэньні службовай машыны ДАІ. Выехаць з населенага пункту актывісту не дазволілі. Затрыманьне даішнікі патлумачылі атрыманьнем ад ананімнай асобы інфармацыі пра парушэньне спадаром Гаравым правілаў дарожнага руху. Ён нібыта праехаў на чырвонае сьвятло сьветлафора. У Гарадоцкім РАУС, дзе месьціцца і ДАІ, праезд машыны апазыцыянэра прасачылі па запісах відэаназіраньня. Факт парушэньня ПДР не пацьвердзіўся, але з кіроўцам правялі прафіляктычную гутарку пра неабходнасьць іх няўхільнага выкананьня. У Віцебск Леанід Гаравы 15 сакавіка так і не патрапіў.
Каардынатарцы аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяне Севярынец супрацоўнікі міліцыі таксама намагаліся ўручыць позву. Але застаць спадарыню Тацяну дома яны так і ня здолелі.
С. Горкі