Нядзеля, 26 Люты 2017

Па завяршэньні «Маршу недармаедаў» у Віцебску затрымалі пяць чалавек

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Тацяна Севярынец (у цэнтры) падчас акцыі "недармаедаў" Тацяна Севярынец (у цэнтры) падчас акцыі "недармаедаў"

Сярод затрыманых – абласная каардынатарка па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацяна Севярынец і двое непаўналетніх. Усіх затрыманых адвезьлі ў РАУС Кастрычніцкага раёну Віцебску, дзе на іх склалі пратаколы за нібыта парушэньне артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Найбольш лагодна ў міліцэйскім пастарунку паставіліся да Тацяны Севярынец. Як паведаміла наша крыніца, вартая даверу, спадарыня Тацяна – адзіная, каго пратрымалі менш за тры гадзіны. Больш таго, пасьля складаньня пратаколу яе асабіста адвёз дадому на сваёй машыне супрацоўнік РАУС Сяргей Казлоў, якія яе і апытваў.

Тое, што, паводле сьведчаньня крыніцы, астатніх трымалі больш за 3 гадзіны, фармальна быццам бы не парушае Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Пры выкананьні пэўных працэдур дазваляецца затрымліваць на тэрмін да 72-х гадзін – калі зьдзейсьненае правапарушэньне, пакараньнем за якое можа быць адміністрацыйны арышт (артыкул 23.34 такое пакараньне прадугледжвае). Але гэта ня тычыцца непаўналетніх – адміністрацыйнае затрыманьне тут на тэрмін звыш 3-х гадзін недапушчальнае ні ў якім разе – не адпускаць іх, чакаючы, пакуль за імі прыедуць бацькі (а менавіта так было цяпер), ёсьць парушэньнем закону.

Зрэшты, было і іншае відавочнае парушэньне ў дачыненьні да затрыманых пасьля акцыі ў Віцебску падлеткаў. Іх апытвалі ня толькі ў адсутнасьць бацькоў, а нават нічога не паведаміўшы апошнім. Міліцыянты толькі патэлефанавалі іх кляснай кіраўніцы, а тая ўжо зьвязалася з бацькамі і сказала ім, што іх дзеці знаходзяцца ў міліцыі.

Менавіта клясная кіраўніца ў пэўным сэнсе спрычынілася да таго, што вучняў затрымалі. Каб забясьпечыць патрэбную яўку на мерапрыемства, арганізаванае ўладамі, яна загадала хлопцам узяць удзел у сьвяткаваньні Масьленіцы. Хлопцы паслухмяна прыйшлі на плошчу Перамогі – і ў выніку апынуліся сярод удзельнікаў больш шматлюднай імпрэзы, што адбывалася там...

Затрымлівалі школьнікаў ужо пасьля заканчэньня акцыі на пераходзе на вуліцы Люднікава. Людзі ў цывільным, якія не прад'явілі сваіх дакумэнтаў, заявілі, што тыя нібыта падобныя да нейкіх бандытаў у вышуку, запхнулі ў машыну і адвезьлі ў міліцыю. У пастарунку ў іх узялі адбіткі пальцаў і апыталі. У аднаго са школьнікаў канфіскавалі бел-чырвона-белую стужачку, якая была ў яго на руцэ. Пыталіся, дзе ён яе ўзяў, і што яна азначае.

Паводле словаў хлопцаў, іх схапілі праз тое, што падчас акцыі ў аднаго зь іх твар быў закрыты шалікам. «Было халодна. Я папросту зьмёрз, таму і прыкрыўся», – распавёў ён па выхадзе зь міліцэйскага пастарунку.

«Дарослых» таксама бралі не падчас акцыі, а па яе завяршэньні. Тацяну Севярынец арыштавалі, калі яна выходзіла з крамы «Эўраопт» каля свайго дому. Мужчыну, які ішоў са сьцягам у калёне, узялі на чыгуначным вакзале, калі ён збіраўся ехаць дадому ў Менск – ён кажа, яго пільнавалі ад самай плошчы.

Яшчэ адзін затрыманы – не нашмат старэйшы за школьнікаў – 19-гадовы беспрацоўны, па прафэсіі кіроўца, быў схоплены каля гандлёвага цэнтру «Марко-Сіці». Як сьведчаць відавочцы, падчас апытаньня на яго чыніўся вялікі ціск. Ён быў так падаўлены, што асабліва нічога не казаў. У яго пыталіся: ці любіць ён сваю маці, хіба хоча, каб у яе нешта было дрэнна, ці хоча ён, каб у нас была такая сытуацыя, як ва Ўкраіне? Калі ён выйшаў з пастарунку, сказаў, што больш ніколі ня будзе ўдзельнічаць ні ў якіх акцыях.

Цяпер школьнікаў, найхутчэй, чакае камісія па справах непаўналетніх. А астатнія затрыманыя павінны чакаць позвы ў суд.

Кастусь Дзьвінскі