Субота, 12 Студзень 2013

У Віцебску ўчынілі аблаву на геяў і лесьбіянак. Ёсьць затрыманыя.

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У ноч з 12 на 13 студзеня была ўчыненая аблава на наведвальнікаў віцебскага клюбу «XXI стагодзьдзе», дзе ў той час ладзілі вечарыну прадстаўнікі ЛГТБ-супольнасьці. Супрацоўнікі міліцыі і АМАПу ўварваліся ў клюб і запатрабавалі ад тых, хто знаходзіўся ў ім, стаць ля сьценкі, пасьля чаго распачалі праверку дакумэнтаў. Прысутных здымалі на відэакамэру. Сама меней трое наведвальнікаў вечарыны былі затрыманыя, іх лёс высьвятляецца.

Пра падрабязнасьці інцыдэнту распавёў «Дыялёгу» каардынатар праваабарончага праекту «ГейБеларусь» па Віцебскай вобласьці Максім Гайкоў:

– Гэта была звычайная забаўляльная вечарына. Недзе аб 11-й гадзіне вечара прыйшоў нарад з двух чалавек у форме. Яны проста стаялі, глядзелі, размаўлялі з гаспадарамі клюбу, якім сказалі, што тут будзе адбывацца нейкая акцыя гомасэксуалістаў. Прастаяўшы ў клюбе каля гадзіны, яны сышлі.

Праз паўгадзіны ўварваліся. Іх было недзе чалавек 20: пяцёра – людзі ў цывільным, астатнія – спэцназ у форме. І на дварэ яшчэ стаялі. У клюбе ў гэты час было чалавек 40-50 наведвальнікаў.

Яны ўварваліся, сабралі ўсіх у адной залі. Хлопцаў направа, дзяўчат налева – усіх расставілі. Адзін зь іх спачатку пайшоў уздоўж шэрагу, у кожнага запытваўся пра дакумэнты. А потым другая чарга пайшла, з запісам на відэакамэру: запытвалі імя, прозьвішча, месца працы ці вучобы, дату нараджэньня і «Што вы тут робіце?».

Адным яны казалі, што шукаюць ухілістаў ад вайсковага абавязку, другім паведамлялі, што гэта наркарэйд – нібыта ім паступіў сыгнал, што ў нас тут пакет марыхуаны недзе ляжыць. Некалькіх чалавек забралі – у камэру, мяркуючы па ўсім. Сама меней вывелі траіх.

У клюбе супрацоўнікі спэцназу знаходзіліся цягам хвілін сарака-пяцідзесяці. А на выхадзе стаялі і пасьля – яшчэ каля гадзіны. Паводзіліся груба, лаяліся вельмі моцна. Старшы сярод іх потым падыйшоў да мяне асабіста, запытаўся, называючы прозьвішча: «Вы?» – «Так, гэта я». – «З вамі мы потым яшчэ паразмаўляем».

Чым выкліканая гэткая цікавасьць да мерапрыемства ЛГБТ-супольнасьці з боку праваахоўнікаў – незразумела. Але інцыдэнт у Віцебску – ня першы ў шэрагу падобных. Літаральна напярэдадні аналягічныя падзеі здарыліся ў Менску. Там у ноч зь пятніцы на суботу ў клюб «6A», у якім ладзілася гей-вечарына, таксама ўварваліся міліцыянты...

Дыялёг