Субота, 23 Лістапад 2013

Кіраўнік партыі «Белая Русь» скардзіцца генпракурору

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Рыжоў Сяргей Рыжоў

«Экзэкуцыя доўжылася 4 гадзіны. Увесь гэты час мяне абражалі нецэнзурнай лаянкай. Часам я страчваў прытомнасьць, часта гучна чытаў малітву. Гэта яшчэ больш раздражняла катаў у пагонах, і тады я працягваў чытаньне малітвы моўчкі. Мне дапамагала гэта перанесьці боль. Пасьля 4 гадзін катаваньняў я падпісаў пратакол і яшчэ 4 невядомыя мне дакумэнты», – напісаў у сваёй скарзе Сяргей Рыжоў.

Кіраўнік незарэгістраванай партыі «Белая Русь» зьвярнуўся да генпракурора пасьля таго, як апынуўся ў Віцебскім мэдвыцьвярэзьніку. Паводле слоў Сяргея Рыжова, у выцьвярэзьніку пасьля катаваньняў, адпускаючы, яму прыгразілі: «Данясеш – заб’ем!»

Цяпер справай аб зьбіцьці віцебскага палітыка ў выцьвярэзьніку займаецца Сьледчы камітэт. Паводле слоў Сяргея Рыжова, пасьля здарэньня яго неаднаразова запрашалі сустрэцца – ня толькі міліцыянты для дачы паказаньняў, але і сам начальнік мэдвыцьвярэзьніку: апошні патэлефанаваў Рыжову з нумару +375 29 5978877 і прапанаваў сустрэцца… у ягонай машыне. Рыжоў адмовіўся…

На думку Сяргея Рыжова, супраць яго ўчыненая правакацыя. Ён распавёў: невядомы старшы лейтэнант міліцыі паведаміў яму, што ёсьць пляны адправіць яго ў ЛПП. Для зьдзяйсьненьня плянаў застаўся толькі адзін прывад цягам году: «Цяпер мы цябе засадзім, – цытуе словы лейтэнанта Рыжоў. – Ты пойдзеш на ЛПП, а стуль можаш і не вярнуцца!». На думку палітыка, тое, што адбываецца, – гэта выкананьне чыёйсьці палітычнай замовы.

Наша інтэрнэт-выданьне будзе далей сачыць за разьвіцьцём падзеяў…