У Паставах сцвярджаюць, што самыя загружаныя гадзіны для выбарчай камісіі – гэта абедзенныя і вячэрнія, што быццам у гэты час на ўчасткі накіроўваецца найбольшы паток жадаючых зрабіць свой выбар.
Як піша сайт мясцовай раёнкі, быццам у першы дзень галасавання было шматлюдна на ўчастку галасавання №2, да якога прапісана больш за 2.5 тысячы выбарцаў. Гэты ўчастак знаходзіцца ў сярэдняй школе №1 горада. Праўда, ні на адным здымку не бачная гэтая шматлюднасць.
Прыйшлі галасаваць датэрмінова ў асноўным пенсіянеры, моладзь і жыхары прылеглага мікрараёна, якія накіроўваліся на абед і з абеду. Кожнаму з выбарцаў выдаюць на рукі па тры бюлетэні.
Нагадаем, на Пастаўшчыне ў так званую Палату прадстаўнікоў на Пастаўскай выбарчай акрузе №29 “выбіраецца” кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергяенка. Канкурэнцыю яму складаюць Дзмітрый Андрэйчык, кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «АНДРЭІЧыК» з пасёлка Варапаева Пастаўскага раёна. Ён вылучаны ад ліберальна-дэмакратычнай партыі і Ірына Мурашка першы сакратар Браслаўскага БРСМ і сябра партыі “Белая Русь”, яна ідзе на так званыя выбары ад гэтай жа партыі.
Кандыдатамі ў абласны савет на Пастаўскай выбарчай акрузе №55 з’яўляецца Алег Крукоўскі, начальнік філіяла “Дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №33” рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог “Віцебскаўтадар” (якога хутчэй за ўсё і прызначаць улады) і Таццяна Русалоўская, намесніца начальніка аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама.
А на Пастаўскай выбарчай акрузе №54 - Сяргей Латэцкі, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Паставымэбля” і Павел Казакевіч, начальнік аддзела эканомікі Пастаўскага райвыканкама (відаць, ён і будзе прызначаны ўладамі).
Дана Крушыліна