Практычна ўсе кандыдацкія праграмы носяць агульны характар і вырабленыя па прынцыпу: "Я за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага". Да таго ж многія праграмы ў якіх будучыя дэпутаты замахваюцца на вырашэнне глабальных праблем маючы пры гэтым толькі мандат "абласнога маштабу".
У праграме кандыдат у дэпутаты па Гагарынскай выбарчай акрузе № 12 Вольгі Волкавай запісана аб тым, што яна будзе садзейнічаць "развіццю міжнародных сувязяў з педагагічнай супольнасцю РФ і Узбекістана."
«У выпадку аказання мне даверу і падтрымкі я буду адстойваць і дамагацца: захавання і ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту Беларусі» - абяцае кандыдат у дэпутаты па Бешанковіцкай выбарчай акрузе № 26 кіраўнік справамі Вітаблвыканкама Ігар Кузняцоў.
Сябра ЛДПБ Юрый Бондараў (Чыгуначная выбарчая акруга N°43) абяцае жыхарам Оршы «…цвёрда адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, абараняць яе Канстытуцыянальны лад, Суверэнітэт і Незалежнасць! Працаваць на карысць айчыны і на карысць нашых людзей!».
Генеральны дырэктар прадпрыемства «Віцебскаблгаз» Аляксандр Бранцэвіч, які хоча стаць дэпутатам па Браслаўскай выбарчай акрузе № 53, запэўнівае выбаршчыка ў тым, што толькі ён сумесна з Кіраўніком дзяржавы прыносяць добрае беларусам: «Падтрымліваю курс Прэзідэнта краіны, лічу яго верным, накіраваным на рост дабрабыту беларускага. народа. Упэўнены, што наша будучыня - у нашых руках.»
І практычна усе кандыдаты пераконваюць сваіх выбаршчыкаў у тым, што яны будуць садзейнічаць паляпшэнню: медыцынскага абслугоўвання, адукацыі, стан гарадской і сельскай інфраструктуры і абяцаюць іншыя "смачныя плюшкі" для выбаршчыкаў. Пры гэтым як кандыдаты так і выбаршчыкі-беларусы ведаюць, што ў дэпутатаў няма ні грошай, ні матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў і ні палітычных інструментаў, каб выконваць свае абяцанні. Акрамя таго ў "народных абраннікаў" ніколі не было і не будзе палітычнай волі і рэальных законных інструментаў, каб прымусіць чыноўнікаў выконваць іхныя перадвыбарныя абяцанні.
Паліна Хлебнікава