«У паветры лётаюць адгалоскі 2020 года. Цяпер людзі разумеюць, з якой сур'ёзнасцю трэба ставіцца да электаральнай кампаніі. Дэпутацкі корпус мае сур'ёзна абнавіцца. Новыя людзі – новыя рашэнні. Трэба захоўваць і павялічваць тое, што ў нас ёсць», - гэтак няўцямна пачынае гутарку Сяргей Дубкоў. Ён жа ўхваляе рашэнне не арганізоўваць выбарчыя ўчасткі за мяжой, бо за межамі Беларусі, па ягоных звестках, жывуць «усяго 0, 04% беларусаў», якім «ніхто не замінае прыехаць у Мінск і прагаласаваць». І ўвогуле, на думку маёра ў адстаўцы, тыя грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца у замежжы, не павінны вырашаць лёс беларускага народа.
Грыгорый Русіновіч прыгадвае, што ягоныя землякі даволі актыўна ходзяць галасаваць ў найбліжэйшую школу. І з гэтага робіць выснову, што «яны давяраюць уладам». «Можа, у дэпутатаў няма такіх паўнамоцтваў, каб вырашаць глабальныя праблемы, але пытанні на мясцовым узроўні яны «здымаюць», - такім чынам спадар Русіновіч заступаецца за «народных абраннікаў», працы якіх у акрузе не відаць. І дадае: «Добра, калі кіраўнік і дэпутат – у адной асобе, гэта падвойвае паўнамоцтвы».
Ягоны суразмоўца Сяргей Дубкоў тут жа выкарыстоўвае магчымасць пахваліць старшыню Расонскага райсавета і распавядае пра сваю маці, якая ў 1960-я гады была сельскім дэпутатам: «Тады дэпутаты разбіралі жыццёвыя сітуацыі. Згарэла ў чалавека лазня – дэпутат ідзе па людзях і збірае грошы на дапамогу. Або ідзе развод, і дэпутат дзеліць маёмасць» былых сужонцаў. Адстаўны міліцыянт шкадуе, што ў цяперашніх дэпутатаў такіх функцый няма.
Калі гутарка закранае пытанне пра аўтарытэт дэпутатаў, да яе далучаецца Віктар Вашчанка: «Трэба часцей выступаць у СМІ, уздымаць крытычныя, хваравітыя пытанні». А калі трапляе ў дэрутаты чалавек, якога ў рэгіёне яго не ведаюць, ён мусіць «даказваць, што мяне не дарма абралі». Тут жа былы міліцыянт выказвае сумневы, што моладзь ахвотна пойдзе на выбары: «Моладзь стала апатычнай і апалітычнай. Канапа-лядоўня- TikTok”. Таму ў сацыяльныя сеткі трэба йсці і дэпутатам, каб мець уплыў на маладых людзей.
Абмяркоўваюць «эксперты» і змест праграм будучых дэпутатаў. Прычым выглядае, што апошнім рабіць практычна няма чаго: дарогі і так добра рамантуюцца, медыцына на высокім узроўні, у яе ўкладаецца шмат сродкаў. Хіба толькі з дэмаграфіяй не вельмі: насельніцтва старэе, моладзь з'язджае з Расоншчыны. Але з дапамогай новага дэпутацкага корпуса ўсё гэта выправіцца, перакананыя адстаўнікі. А калі нехта ў гэта не верыць і не хоча ісці на выбары, то яму варта забараніць крытыкаваць беларускія рэаліі. «Не хадзіў на выбары, значыць, не маеш права асуджаць улады», - лічыць Сяргей Дубкоў.
Ірына Грамыка
Чацвер, 08 Люты 2024
«Позиция выражается бюллетенем»: інсцэніроўка «вострай дыскусіі» пра выбары
У расонскай «раёнцы» зноўку далі слова адстаўным міліцыянтам, каб гэтым разам яны паразважалі на тэму выбараў і дэпутацкіх абавязкаў. Чарговы выпуск рубрыкі «Слова афіцэра» нагадвае скетчы з адвольнай колькасцю ўдзельнікаў – на «сур'ёзную драматургію» інсцэніроўка абмеркавання не цягне... Сваімі меркаваннямі пра выбары дзеляцца падпалкоўнік у адстаўцы Грыгорый Русіновіч - кіраўнік раённай арганізацыі ГА "Белорусский союз офицеров", чалец гэтай арганізацыі маёр Сяргей Дубкоў -- былы супрацоўнік Расонскага РАУС, і падпалкоўнік у адстаўцы Віктар Вашчанка, які калісьці служыў у МУС СССР. У газеце іх называюць «экспертамі раённай супольнасці».
Апублікавана ў
Выбары
Тэгі: