Пятніца, 19 Студзень 2024

На Полаччыне канкрэтных месцаў для вулічнай агітацыі не вызначалі, а на Аршанчыне – наадварот

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Аршанскі райвыканкам вызначыў 18 месцаў на тэрыторыі раёна, дзе кандыдатам у дэпутаты можна ладзіць сходы, мітынгі і пікеты. Два месцы для агітацыі – у самой Оршы, у іншых населеных пунктах – па адным, і ў асноўным гэта пляцоўкі перад установамі культуры. Полацкі райвыканкам прыняў досыць арыгінальнае рашэнне: канкрэтных месцаў не вызначана, і арганізатарам ёсць, з чаго выбраць. Тым болей, што цяпер не трэба вылічваць адлегласць ад месца правядзення імпрэзы да выканкамаў, вакзалаў, пастарункаў і гд.

На Полаччыне можна праводзіць вулічную агітацыю «перад уваходам у гандлёвыя аб'екты, перад уваходам у дамы культуры і сельскія клубы, перад уваходам у бібліятэкі і бібліятэкі- клубы, на тэрыторыі каля дамоў старэйшын сельскіх населеных пунктаў». Адпаведнае рашэнне апублікавана ў раённай газеце «Полацкі веснік».

Такім чынам, у Полацкім раёне кандыдата ў дэпутаты і іх ініцыятыўныя групы маюць пэўную свабоду, што да арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі, у Аршанскім раёне яны мусяць следаваць канкрэтным указанням мясцовых уладаў.

А вось у Віцебску, каб арганізаваць сходы, мітынгі і пікеты падчас выбарчай кампаніі, арганізатарам давядзецца зусім не проста. Бо Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэнне не аб вызначэнні месцаў для вулічнай агітацыі, а пра забарону ладзіць мерапрыемствы ў канкрэтных месцах. Пры гэтым пад забарону трапілі чатыры гарадскія плошчы і тэрыторыі паблізу прыпынкаў грамадскага транспарта, мастоў, вакзалаў, парковак і падземных пераходаў. Таксама ўказаны «крытычныя адлегласці» да пэўных гарадскіх аб'ектаў. Так, нельга збірацца бліжэй як за 100 метраў ад арганізацый аховы здароўя і збудаванняў, дзе робіцца ці захоўваецца зброя або піратэхнічныя вырабы. Выбаршчыкі не маюць права сустракацца з кандыдатамі бліжэй як за 50 метраў ад навучальных устаноў, выканкамаў, пастарункаў, пракуратур, судоў і КДБ. Затое для арганізатараў, якім не пашкодзіць узброіцца рулеткай, ёсць палёгка ў іншым: час для правядзення вулічных агітацыйных імпрэзаў абмежаваны хіба начной цямрэчай – ладзіць у Віцебску агітацыйныя сходы, пікеты і мітынгі можна з 8-мі да 22-х гадзін.

Вольга Маклаева