Таму ў артыкуле «Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь И. Ф. Мартынов встретился с коллективом военкомата Бешенковичского и Шумилинского районов» няма ні слова пра тое, якія канкрэтна палажэнні Асноўнага Закону абмяркоўвалі прысутныя, што іх задавальняе ў праекце, а што выклікае сумневы. У артыкуле «раёнкі» паведамляецца толькі дата сустрэчы – 16-га лютага, а таксама статус сталічнага госця. Дапаўняюць «інфармацыйны» матэрыял тры фотаздымкі, на якіх відаць менш за дзясятак удзельнікаў.
Роўна 9 чалавек узялі ўдзел у «дыялогавай пляцоўкі» для калектыву Бешанковіцкага раённага Следчага камітэту. Зрабіць такую выснову дазваляе фотаздымак з іншага артыкулу бешанковіцкай «раёнкі». Абмеркаванне праекту Канстытуцыі праводзіла старшыня райвыканкаму Галіна Унуковіч. І, паводле аўтара тэксту, прозвішча якога не пададзена, следчых чамусьці асабліва хвалюе не прафесійная дзейнасць і яе адлюстраванне ў Асноўным Законе краіны, а «праблема захавання гістарычнай памяці і традыцый продкаў». Таксама супрацоўнікі СК абмяркоўвалі «перспектывы развіцця аграпрамысловага комплексу і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 575-х угодкаў Бешанковіч».
Фармальны падыход бешанковіцкай «Зары» да асвятлення падрыхтоўкі да рэферэндуму праглядаецца і ў тым, што газета змяшчае паведамленні пра абмеркаванне праекту Канстытуцыі з абсалютна іншых рэгіёнаў – з Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Гомельшчыны.
Ніводзін з матэрыялаў сайта раённай газеты на тэму рэферэндуму 27-га лютага не выклікаў ніводнага чытацкага каментара, што сведчыць пра адсутнасць цікаўнасці да будучай грамадска-палітычнай падзеі. Зрэшты, газета і не імкнецца зацікавіць чытачоў, «для галачкі» змяшчаючы артыкулы на замоўленую дзяржаўнымі ўладамі тэматыку.
Феліцыян Красоўскі