Аўторак, 09 Чэрвень 2020

Валер Цапкала ў Віцебску акрэсьліў вобраз Беларусі будучага

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Валер Цапкала прыехаў у Віцебск з жонкай Валер Цапкала прыехаў у Віцебск з жонкай

8 чэрвеня на сустрэчу з Валерам Цапкалам у Віцебску, якая адбылася каля ТЦ «Марка-сіці», прыйшло ня менш за 300 віцяблянаў. Свой выступ палітык пачаў з закліку ставіць свае подпісы за ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва – без выключэньня. Цапкала мяркуе, што такі падыход дасьць магчымасьць кожнаму зь іх рэпрэзэнтаваць свой вобраз Беларусі будучага, каб разумець, у якім напрамку рухацца.

«У нас раней не было надзеі…»

Цапкала перакананы, што на сёньня вобраз будучага згублены, як згубленыя і ўсялякія арыентыры. І гэта, на ягоную думку, самая вялікая праблема: беларусы зьяжджаюць туды, дзе больш магчымасьцяў і дзе ёсьць надзея.

«Пры цяперашнім курсе, пры цяперашнім становішчы справаў у нас няма надзеі. Мы яе ня бачым, таму наша задача сфармаваць вобраз будучага, прапанаваць канкрэтныя шляхі дасягненьня гэтай мэты», – зазначыў ён.

5 рэчаў, якія хоча зрабіць Цапкала

  • Рэфармаваць прамысловасьць.
  • Рэфармаваць сельскую гаспадарку.
  • Сур’ёзна ўзьняць узровень адукацыі.
  • Цалкам рэфармаваць сыстэму аховы здароўя.
  • Рэфармаваць сыстэму дзяржаўнага кіраваньня.

Такі падыход, упэўнены Цапкала, дасьць магчымасьць не назіраць з зайздрасьцю за пасьпяховым разьвіцьцём іншых краінаў, а дазволіць, каб іншыя краіны глядзелі на беларусаў і казалі, «што гэта крута, гэта пэрспэктыўна…»

Першы візыт зробіць у Расею

«Расея – гэта наш стратэгічны партнэр. Існуе правільная традыцыя, калі пры зьмене палітычнай улады першыя візыты робяцца ў краіну, зь якой існуюць найбольш блізкія стасункі. Нам лёсам прадвызначана мець з Расеяй асаблівыя адносіны», – упэўнены Цапкала.

«Будаваць эканоміку ведаў»

Цапкала заявіў, што мытны зьвяз не працуе. Існуе каля 400 пазыцый, якія абедзьве краіны ніяк ня могуць узгадніць, і наўрад ці гэта будзе ўзгоднена, бо Расея найперш – сыравінная краіна.

«У нас жа мы можам будаваць толькі эканоміку ведаў, бо можам разьлічваць толькі на наш інтэлект, прадпрымальнасьць, здольнасьць і таленты. І гэта натуральна, што мы будзем разьвіваць эканоміку не капіталаёмістую, ня энэргаёмістую», – лічыць Цапкала.

«Адукацыя, адукацыя і яшчэ раз адукацыя»

«Выкладчык мусіць стаць асновай нашага грамадзтва, бо нам няма на што абаперціся, акрамя нашага інтэлекту. Гэта адзіная наша канкурэнтная перавага. Пэдагог мусіць стаць самым паважаным чалавекам. Мы хочам, каб у нас былі найлепшыя ў сьвеце школы», – заявіў.

Тры слупы нашай канкурэнтнай дзеяздольнасьці: «Адукацыя, адукацыя і яшчэ раз адукацыя!»

«У нас рыхтуюцца да вайны, якая ўжо прайшла»

«У нас мусіць быць нармальнае прафэсійнае войска, у якое мусіць быць конкурс. Сёньня адзін апэратар дрону важнейшы за дзесяць тысячаў дзецюкоў з аўтаматам Калашнікава, бо ваенныя дзеяньні сталі тэхналягічнымі. У нас рыхтуюцца да вайны, якая ўжо прайшла, а не да будучай вайне».

Што тычыцца абавязковага прызыву, то, як выказаўся прэтэндэнт у кандыдаты, ён мусіць абмяжоўвацца двума днямі. У першы дзень прызыўнік мусіць навучыцца зьбіраць і разьбіраць аўтамат, а ў другі – навучыцца страляць. І гэтага будзе дастаткова.

Канстытуцыйная рэформа

Цапкала выступае за зьмешаную форму дзяржаўнага кіраваньня, дзе прэзыдэнт як кіраўнік выканаўчай улады прызначае ўрад не па сваім уласным рашэньні, а на падставе парлямэнцкай большасьці. Калі прэзыдэнт ня мае большасьці ў парлямэнце, ён фармуе кааліцыйны ўрад.

Валер Цапкала лічыць, што трэба ствараць такую парлямэнцкую сыстэму, пры якой адну палову ці нават дзьве траціны дэпутатаў будуць складаць прадстаўнікі, абраныя па партыйных сьпісах, а другую – рэгіяналы, якія вылучаліся па мажарытарных акругах.

Што будзе з дэпутатамі сёньняшняга парлямэнту?

«Я праціўнік таго, каб секчы зь пляча. У нас такі досьвед ёсьць. Будзе праведзеная канстытуцыйная рэформа. І калі яе падтрымаюць, то тады будуць выбары ў адпаведнасьці з новым выбарчым заканадаўствам».

Выступае супраць ПДВ

Цапкала мяркуе, што падатак на прыбытак і падатак з продажу трэба пакідаць у распараджэньні органаў мясцовай улады. А падаходны падатак будзе ісьці ў цэнтар, для ўтрыманьня парлямэнту і ўраду.

«Я выступаю супраць ПДВ (рас. – НДС). Гэта складаная сыстэма спагнаньня падаткаў, калі больш за 20% грошай выводзіцца з абароту. Гэта кепска. Лепш было б пакідаць яго ў распараджэньні самога прадпрыемства… Мне падабаецца падатак з продажу, які дае магчымасьць стымуляваць продаж сацыяльна-значных тавараў. Харчаваньне, за выключэньнем кулінарыі, і тавары дзіцячага асартымэнту ПДВ не абкладаецца».

Дарожны збор

«Дарожны збор мусіць існаваць для камэрцыйных аўто, якія перавозяць грузы. Яны чыняць дадатковую нагрузку на дарожнае пакрыцьцё. Для легкавікоў дарожны збор будзе адменены», – кажа Цапкала.

С. Горкі, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.