Серада, 03 Чэрвень 2020

У Наваполацку склалі пратакол на сябра ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Фота ілюстратыўнае Фота ілюстратыўнае

У панядзелак 2 чэрвеня проста на працоўным месцы міліцыянты затрымалі жыхарку Наваполацку Алену Радзькову. Яе адвезьлі ў аддзяленьне і склалі пратакол за правапарушэньне паводле частцы 3-й артыкулу 23.34. Спадарыню Алену вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Яна – сябра ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня. Суд прызначаны на 15 чэрвеня.

Алена Радзькова расказала, што міліцыянты хацелі адвезьці яе ў суд у той жа дзень, але судзьдзя Балаболава адмовілася разглядаць справу ў «хуткасным рэжыме». Суд адбудзецца 15 чэрвеня (пачатак - 11.00).

Паводле пратаколу, 28 траўня Алена Радзькова ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні без адпаведнага дазволу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў – «з выкарыстаньнем улётак «Слуга, сыходзь – народ прыйшоў!», «Стоп, таракан!» ды іншых.

Жанчына патлумачыла, што 28 траўня проста пастаяла каля пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую.

«Я сябра ініцыятыўнай групы Чэрачня, але цікаўлюся ўсімі прэтэндэнтамі. Гэта быў першы дзень збору подпісаў у Наваполацку, і сабралася вельмі шмат людзей. І я стаяла там паблізу і назірала, як гэта ўсё адбываецца. Проста блізенька стаяла. У выніку аказалася, што брала ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні! Хаця як гэта можа быць несанкцыянаваным, калі гэта збор подпісаў? Наагул не разумею і не ўяўляю, якія там улёткі і пра што гаворка!» – патлумачыла Алена Радзькова.

Пратакол склалі паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП, бо раней Алену Радзькову ўжо каралі штрафам па гэтым артыкуле: 22 траўня ёй прысудзілі 8 базавых велічынь за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Таксама 2 чэрвеня міліцыянты спрабавалі затрымаць яшчэ аднаго прыхільніка Ціханоўскага – актывіста Андрэя Зуева. Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі РАУС ламаліся ў кватэру, а потым пільнавалі яго ў двары дому. Сустрэчы з праваахоўнікамі ўдалося пакуль што пазьбегчы. Раней Зуеў адбываў 7 сутак арышту за ўдзел у стрыме Ціханоўскага.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.