Інцыдэнт, пра які піша Павал Левінаў у звароце да сябраў абласной камісіі, адбыўся ў нядзелю 31 траўня на пляцоўцы перад пірамідай «Марка-сіці» ў Віцебску, дзе ініцыятыўныя групы 4-х прэтэндэнтаў у кандыдаты зьбіралі подпісы выбарцаў. Да палаткі, дзе праходзіў збор подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, грамадзяне ўтварылі даўгую чаргу.
«Да падпісных сталоў выцягнулася чарга не на адну сотню мэтраў. Стоячы ў чарзе, выбарцы размаўлялі пра сродкі барацьбы з прусакамі. Зьяўленьне супрацоўніка міліцыі людзі ўспрынялі як акт салідарнасьці з народам, але памыліліся. Міліцыянт расцаніў чаргу выбарцаў як несанкцыянаванае пікетаваньне і запатрабаваў разысьціся», – апісвае інцыдэнт Левінаў.
У звароце ён таксама адзначае, што не заўважыў на пляцоўцы перад ГЦ «Марка-сіці» аніводнага сябра абласной камісіі па выбарах, адказнага за датрыманьне выбарчых правоў грамадзян на тэрыторыі Віцебску.
На падставе адзначанага і кіруючыся Выбарчым кодэксам РБ і пастановамі ЦВК, праваабаронца просіць заслухаць на паседжаньні камісіі начальніка ўпраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму Міхаіла Грыба па факце спробы яго падначаленых перашкодзіць выбарцам ставіць подпісы ў падтрымку вылучэньня кандыдатаў на пасаду Прэзыдэнта.
Адказ на зварот пакуль не атрыманы.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!
Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.