– Выбары ва Ўкраіне істотна адрозьніваюцца ад так званых «выбараў» у Беларусі. Нават звычайнаму госьцю гораду была бачная перадвыбарная кампанія: Чарнігаў стракацеў білбордамі кандыдатаў, усюды стаялі агітацыйныя намёты з раздачай перадвыбарных буклетаў. Масава раздавалі газеты і ўлёткі пра выбары, пра кандыдатаў і пра сацыяльна-эканамічныя праблемы гораду і краіны.
На адзін мандат дэпутата Рады Ўкраіны прэтэндаваў ў Чарнігаве 91 кандыдат, зь іх палітычнымі партыямі былі вылучаныя 7, а праз самавылучэньне – 84. Ужо вядомыя вынікі выбараў, перамог кандыдат ад Блёку Пятра Парашэнкі, кіраўнік Дзяржкіраваньня справамі Сяргей Беразенка з 35,9%.
Багатыя кандыдаты раздавалі ў горадзе пакеты з харчамі. Так, у горадзе на палянцы быў усталяваны шацёр-штаб кандыдата Генадзя Корбана. З аднаго боку шатра – бясплатныя дзіцячыя атракцыёны, куды выстраілася чарга бацькоў зь дзецьмі. З другога боку – вялікі намёт, дзе раздавалі пакеты з прадуктамі, і вялікая чарга пэнсіянэраў. Але гэтая купля галасоў не дапамагла кандыдату Корбану, ён заняў другое месца з 14,76% галасоў.
У горадзе ўвечары праходзілі мітынгі і канцэрты з агітацыяй за кандыдатаў, выбарчая кампанія кідалася ў вочы з усіх рэклямных шчытоў.
У Чарнігаве беларускія карэспандэнты вывучалі сусьветны журналісцкі досьвед выкарыстаньня звычайных смартфонаў для стварэньня відэаролікаў для навінавых сайтаў і тэлекампаніяў.
За некалькі дзён да выбараў карэспандэнты ў якасьці практыкі зладзілі апытаньне мясцовых жыхароў на вуліцы: «Ці паўплываюць гэтыя выбары на вашае далейшае жыцьцё?».
«Выбары ніяк не паўплываюць ані на маё жыцьцё, ані на жыцьцё іншых людзей, бо няма парадку...», – кажа жанчына сярэдніх гадоў.
«Паўплываюць. Кожны чалавек думае, што выбірае людзей, якія паўплываюць на нашае жыцьцё ў лепшы бок, жыцьцё нашае стане лепшым, багацейшым... », – маладая мама, што шпацыруе зь дзіцем.
«Народу надакучылі ўсялякія падачкі, грошы і гэтак далей... Алігархі людзям ужо надакучылі, таму людзі цяпер імкнуцца галасаваць за нармальных кандыдатаў, і я мяркую, што ўсё зьменіцца ў лепшы бок...» – кажа малады хлопец, які агітуе за кандыдата ад ўсеўкраінскага аб'яднаньня «Свабода».
«Кожны спадзяецца на лепшае. Хочацца ўжо нечага добрага, стабільнасьці нейкай...» – кажа маладая жанчына.
Малады мужчына: «Выбары абсалютна не паўплываюць на маё жыцьцё. Бо я зьвяртаўся з праблемай да ўсіх – да Корбана, да Беразенкі асабіста, да Андрэйчанкі: яма на выезьдзе з двара, ня можа праехаць ніводная машына, ані хуткая. Я сам з мужыкамі за 100 грыўняў дамовіўся, засыпалі яму, але дажджамі размыла, праехаць нельга ... І ўсім глыбока напляваць... Я па факце нікому ня веру... Я разумею, што гэта ўсё развадняк...»
Дзяўчына, што агітуе за Міколу Зьверава: «Я мяркую, выбары могуць паўплываць, калі абраць нармальнага кандыдата, які будзе рабіць нешта для людзей – не толькі сабе, а думаць і пра людзей. Ёсьць такія кандыдаты, якія кажуць – будуць рабіць для людзей, у выніку атрымліваецца толькі для сябе. Але адзінкі ёсьць, якія і на нас не забываюцца. Я спадзяюся, што ў нас працоўныя месцы зьявяцца зноў, будзе ўсё добра...»
Ня ўсе мінакі згаджаліся даваць інтэрвію на камэру смартфону. Кожны другі адмаўляўся, што адпавядае сусьветнай практыцы ў свабодных дэмакратычных краінах. У Беларусі ўсё горш – у нас ўгаварыць мінака сказаць што-небудзь на камэру значна цяжэй.
Сямён Сідараў, Віцебская вясна