Грамадзкая актыўнасьць была даволі нізкай. Бальшыня людзей не цікавіліся ані пікетчыкамі, якія зьбіралі подпісы, ані прэтэндэнткай на пасаду прэзыдэнта, якая быццам зышла зь перадвыбарчага плякату і зь якой можна было паразмаўляць ды нават сфатаграфавацца. Скарысталіся з гэткай магчымасьці, аднак, нямногія. Былі, праўда, і такія грамадзяне, што загадзя даведаліся пра візыт Караткевіч і адмыслова прыйшлі пагутарыць зь ёй асабіста. Што тычыцца прадпрымальнікаў, то іхная актыўнасьць была яшчэ ніжэйшай, чымся актыўнасьць насельніцтва на пікетах.
Трэба адзначыць, што ўсе сустрэчы праходзілі сярод працоўнага дня, і таму многія з тых, хто меў ахвоту сустрэцца са спадарыняй Тацьцянай, ня мелі рэальнай магчымасьці зрабіць гэта. Каб хоць у нейкай ступені кампэнсаваць гэтую страту для чытачоў «Віцебскай вясны», наш карэспандэнт задаў Тацьцяне Караткевіч некалькі пытаньняў.
Спадарыня Тацьцяна, Вам асабіста не падаецца, што сёлетняя прэзыдэнцкая кампанія праходзіць амаль незаўважна, я б нават сказаў – сьціпла? Напрыклад, у далёка не дэмакратычнай Вэнэсуэле падчас выбараў дазволена ня толькі махаць сьцягамі і зьбіраць натоўпы ў цэнтры гораду – там ніхто не забараняе разьяжджаць па вуліцах гораду і праз мэгафон заклікаць электарат падтрымаць свайго кандыдата. А ў нас жа гэткае ўражаньне, быццам жыцьцё спынілася.
Па-першае, я праводжу кампанію ў адпаведнасьці з тым, як дамаўлялася са сваёй камандай. І, па-другое, людзі ў нашых сёньняшніх умовах патрабуюць асаблівай увагі, бо сёньня яны баяцца нават да пікетаў падыходзіць, асабліва ў малых гарадох. Наша ж задача – вярнуць давер да дэмакратычных прадстаўнікоў, да альтэрнатыўнага пункту гледжаньня. Гэта вельмі важна. Трэба пераадолець існы на сёньня нулявы ўзровень даверу.
Самая галоўная задача падпісной кампаніі – сабраць сто тысяч подпісаў, і мы гэта робім і на пікетах, і ходзячы па кватэрах. Статыстыка розная: у Менску лепш подпісы зьбіраюцца ў пікетах, у малых гарадох, наадварот, праз пакватэрны абыход. А што да таго, сьціпла ці ня сьціпла: мы, напрыклад, хацелі зьвязаць пікеты з роварнымі прабегамі ў Менску, дык нам патэлефанавалі і сказалі: «Нельга!». Я з гэтым нязгодная, бо лічу, што няма розьніцы паміж этапам збору подпісаў і агітацыяй. У нас і так вельмі шмат разнастайных абмежаваньняў.
Вам не падаецца, што тых, хто пагадзіўся ўзяць удзел у цяперашняй палітычнай гульні, умоўна кажучы, пасадзілі ў пясочніцу, далі цацкі і дазволілі пагуляцца ў адведзены для гэтага час?
Мо так і падаецца, але мы ідзем, каб аб'яднаць галасы грамадзян. Яны падыходзяць да пікетаў, дыскутуюць, адмыслова шукаюць гэтыя пікеты, выказваюць свае меркаваньні. У тых пікетах, дзе ўдзельнічаю я, зьбіраецца і па трыццаць чалавек. Хаця звонку гэта можа выглядаць як заўгодна, але гэта рэальная праца, рэальная палітыка.
Значыць, калі Ваша каманда зьбярэ подпісы, Вы пойдзеце да канца і не прыслухаецеся да Паўла Севярынца, які заклікаў усіх дэмакратычных кандыдатаў зьняцца з выбарчай гонкі?
Я буду прыслухоўвацца да голасу тых людзей, якія паставілі за мяне подпісы, бо яны кажуць, што вось мы падпісваемся за Вас і мусім ведаць, што Вы дакладна ня зьнімецеся. Кожны дзень, дзе б я ні была, паўсюдна, з самага пачатку да мяне падыходзяць людзі і задаюць гэткае пытаньне. Трэба разумець, што сёньня людзі адвучыліся ўдзельнічаць у палітыцы і грамадзкім жыцьці. Яны нібыта навучэнцы, таму ім вельмі важна паказаць пасьлядоўнасьць іх дзеяньняў. Сёньня мы кажам, што ў нас распачаўся маратон за мірныя перамены. І самае галоўнае – заваяваць давер грамадзян.
Вас часта абвінавачваюць у тым, што сваім вылучэньнем Вы спрыяеце паляпшэньню іміджу Лукашэнкі і ствараеце ілюзію альтэрнатывы. Ці згодныя Вы з гэткім абвінавачваньнем?
Я з гэтым нязгодная. Сёньня ўлада мае магчымасьці правесьці выбары і набыць легітымнасьць і без майго ўдзелу. Я, наадварот, ствараю канкурэнцыю і даю людзям сапраўдную альтэрнатыву.
Як Вы мяркуеце, што магло б абудзіць тутэйшы люд да актыўнага палітычнага жыцьця, пераадолець апатыю і абыякавасьць? Бо здаецца, людзям наогул сёньня не да выбараў.
Людзям не да выбараў, але ім ня ўсё адно, як яны будуць жыць далей. Застаючыся сам-насам кожны ставіць перад сабой пытаньне: «Якая ў мяне будучыня?». Відавочна, больш актыўныя, больш маладыя па меры пагаршэньня сытуацыі будуць шукаць выйсьце ў іншых месцах, у іншых краінах. Наша кааліцыя лічыць, што абуджэньню беларусаў можа спрыяць толькі адчуваньне таго, што іх шмат. Сёньня яны паасобку падыходзяць да пікетаў розных кандыдатаў – пакуль што паасобку. Мы ж хочам, каб беларусы адчулі, што іх шмат, адчулі сваю еднасьць. Тады статыстыка станецца рэальнасьцю. І гэта будзе спрыяць абуджэньню беларусаў.
https://viciebskspring.org/news/vybary/item/346-tatstsyana-karatkevich-navedala-vitsebsk-dadadzena-videa#sigProIdec7e5891d5