На судзе прысутнічаў прадстаўнік БХК Павал Левінаў, а таксама старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі Дзьмітрый Хама.
Нагадаем, рашэньне аб адмене рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў дачыненьні да Казлова было прынятае Аршанскай акруговай камісіяй №25. Сябры камісіі палічылі, што блогер заклікаў да байкатаваньня выбараў, калі выкарыстоўваў падчас пікетаў лёзунгі «Фальшывым выбарам – баста!» і «Калгаснай дыктатуры – баста!».
У сваёй скарзе ў Віцебскі абласны суд «Шэры Кот» прасіў адмяніць рашэньне выбаркаму. Паведамляў, што выкарыстаныя ім лёзунгі былі часткай ягонай выбарчай праграмы, у якой выступаў за сумленныя і справядлівыя выбары ды за адсутнасьць дыктатуры. Тлумачыў у скарзе, што такім чынам выказваў сваё меркаваньне і агітаваў за сябе.
Чаму не было лінгвістычнай экспэртызы?
Праваабаронца Павал Левінаў падчас паседжаньня пераконваў судзьдзю, што зьмест лёзунгаў не ўтрымліваў заклікаў да байкоту выбараў.
«Падтрымаўшы адмену рэгістрацыі, абласная выбарчая камісія прыняла неправамернае рашэньне ўжо таму, што не зьвярнулася ў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт да спэцыялістаў, каб тыя зрабілі лінгвістычную экспэртызу. Ці ёсьць там заклік да байкоту? Што такое «баста»? Кожны нармальны чалавек скажа, што закліку да байкоту справядлівых выбараў там няма. Але камісія кіравалася выключна сваім меркаваньнем, ня больш таго», – казаў Павал Левінаў.
Зазначыў таксама, што, нават калі б лёзунгі ўтрымлівалі заклік да байкоту, то ані адміністрацыйнай, ані крымінальнай адказнасьці такі заклік не прадугледжвае.
«А вось чаму гэта забараняе Выбарчы кодэкс – пытаньне не да Казлова, а да нашых дэпутатаў, якія прымаюць законы. Калі няма адказнасьці – чаму ж я не магу гэта рабіць?» – дадаў Левінаў.
«Шэры Кот» зьвернецца ў КПЧ
Праваабаронца паведаміў, што неўзабаве блогер Дзьмітрый Казлоў накіруе скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека аб парушэньні Рэспублікай Беларусь ягонага права на свабоду выказваньня думкі і права быць выбраным на свабодных дэмакратычных выбарах.
Зьміцер Міраш