Віцебскі лекар Пастноў пацьвердзіў, што ня мае ніякага дачыненьня ні да роліка «Як зарабіць на выбарах», ні да яго распаўсюду праз сацыяльную сетку «УКантакце», што вядзецца нібыта зь ягонай старонкі. Тым болей – да акаўнту на youtube, створанага невядомымі асобамі 16 лютага.
У відэароліку згадваюцца і праваабаронца Павал Левінаў, і віцебскі актывіст руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў. Другі – як пэрсанаж ранейшай «відэатворчасьці» невядомых фальсыфікатараў, кажа спадар Левінаў:
«У мінулым месяцы ўжо былі спробы „прыпісаць“ мне паклёпніцтва на Хрыстафора Жаляпава. Для гэтага невядомыя асобы стварылі „мае“ фэйкавыя акаўнты у „Фэйсбук“ і на youtube і запампавалі туды ролік, які кампрамэтуе Жаляпава. Ілжэ-акаўнты ўдалося выдаліць. Але нехта працуе далей: на „ютубе“ зьявіліся новыя фэйкавыя старонкі. Аўтары відэароліка завялі „мой“ акаўнт нават на kufar.by! І далі аб’яву з маім тэлефонам пра продаж двухпавярховага недабудаванага дома».
Ролік «Як зарабіць на выбарах» пачынаецца са згадкі пра Хрыстафора Жаляпава: стваральнікі відавочна імкнуцца зацікавіць гледача ранейшым «кампраматам». А потым вядзецца ўжо пра самога Паўла Левінава: згадваецца ягонае месца жыхарства «ў цэнтры Віцебску», ягоны аўтамабіль – прычым нехта не паленаваўся яго сфатаграфаваць каля дома праваабаронцы.
У відэароліку фігуруе і матэрыял пра колішнія спробы дыскрэдытаваць праваабаронцу, і ягоныя фотаздымкі з сацыяльных сетак. На адным зь іх, зробленым у Херсонскай вобласьці, дзе Павал зьняўся з двума замежнымі студэнтамі Харкаўскага ўнівэрсытэту, напісана «Алжыр». Голас за кадрам, зьменены кампутарнай праграмай, камэнтуе: «Вось так праваабаронца жыруе на пэнсію прапаршчыка памерам 350 рублёў».
Чаго няма ў гэтым роліку, дык гэта інфармацыі пра выбары і як на іх можна зарабіць.