Пра гэта распавёў наш назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ігар Казьмярчак.
Паводле яго, у Воршы зафіксаваныя некалькі выпадкаў на розных выбарчых участках, калі да людзей дадому прыходзілі сябры камісіяў зь пераноснай скрыняй, а яны ўвогуле не хацелі галасаваць і нікога прыходзіць не прасілі.
У сувязі з гэтым паказальная сытуацыя была на выбарчым участку №16 у СШ №5. Назіральніку дазволілі паехаць на галасаваньне на даму з адной з брыгад. Лавіць выбаршчыкаў давялося вельмі актыўна, але са 100 бюлетэняў, якія выдалі сябрам камісіі, удалося запоўніць толькі 14 – людзі або не адчынялі дзьверы, або адмаўляліся галасаваць. Затое другая брыгада, якая атрымала 200 бюлетэняў і паехала без назіральнікаў, праз тры гадзіны вярнулася з поўнаю скрыняю. Вядома, другі раз назіральніка на галасаваньне на даму ўжо не пусьцілі, а бліжэй да 14-й гадзіны і ўвогуле выдалілі з участку.
Прычынай для выдаленьня Міхаіла Чамуракі, які назіраў на ўчастку №16 ад АГП, сталі «кепскія паводзіны». Камісія яму вусна патлумачыла прычыны: па-першае, ён не павітаўся, калі зьявіўся на ўчастак, а па-другое, калі ішоў да старшыні камісіі, каб спытаць, чаму яго не хочуць зноў узяць на галасаваньне па месцы жыхарства, то прайшоў каля скрыняў для галасаваньня.
На ўчастку №8, дзе назірае Яўген Анішчанка – давераная асоба кандыдата ад АГП Алены Кучынскай, камісія таксама праявіла сябе: па стане на 13:55 на ўчастак, паводле падлікаў назіральніка, прыйшло 130 выбаршчыкаў, затое ў сьпісах для галасаваньня на даму ўжо было запісана 265.
Увогуле ж, як адзначае Казьмярчак, ужо ў пятніцу, 16 лютага, назіральнікам ад дэмакратычных арганізацыяў і праваабаронцам стала відавочна, што мясцовыя выбарчыя камісіі Воршы хочуць паставіць рэкорд па колькасьці прагаласаваўшых на гэтых ня шмат каму цікавых выбарах. На ўчастку №14 у СШ №8 па падліках назіральнікаў за дзень прагаласавала 37 выбаршчыкаў, а па дадзеных камісіі – 51. На ўчастку №16 – 125 у назіральнікаў і 276 у камісіі. На ўчастку № 29 – адпаведна 73 і 103, на участку №35 – 60 і 189, на ўчастку №36 – 70 і 136. Пры гэтым пакоі, дзе знаходзіліся скрыні для датэрміновага галасаваньня, не былі апячатаныя (як прагаварыліся некаторыя сябры камісіі – на загад начальніка арганізацыйнага аддзелу райвыканкаму Віктара Калачова).
Але далей рабілася ўсё цікавей – сьпісы выбаршчыкаў, якія хацелі прагаласаваць на даму, расьлі зь неверагоднай хуткасьцю. У пятніцу на многіх участках у гэтых сьпісах было па некалькі сотняў чалавек: на ўчастку №16 – 271, на ўчастку №11 – 186, на ўчастку №14 – 158, на ўчастку №29 – 273, на ўчастку №28 – 213, на ўчастку №36 – 273, і яны працягвалі расьці, дайшоўшы ў некаторых выпадках да 300 – 400 чалавек.
Адкуль жа такая колькасьць людзей, якія паленаваліся пайсьці прагаласаваць самі? Усё больш-менш стала зразумела ў асноўны дзень галасаваньня: ніхто ў гэтых людзей і не запытваў, ці хочуць яны прагаласаваць на даму.