Нядзеля, 03 Ліпень 2016

Суд ня выявіў парушэньняў падчас фармаваньня выбарчых камісіяў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Кастусь Смолікаў Кастусь Смолікаў

Віцебскі абласны суд адмовіў сябрам Віцебскай абласной арганізацыі партыі «Беларускі народны фронт» у задавальненьні скаргі пра парушэньні заканадаўства падчас фармаваньня выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў у беларускі парлямэнт – Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

Падчас разгляду скаргі ў судзе кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў, які прадстаўляў інтарэсы аднаго з партыйцаў, указаў на недасканаласьці заканадаўства, якія паўплывалі на вынікі адбору кандыдатаў у склад Віцебскай абласной і акруговых выбарчых камісіяў. Ён заявіў, што ў дзейных нарматыўных прававых актах вельмі агульна і цьмяна апісаныя крытэрыі, на падставе якіх вызначаецца, ці можа грамадзянін стаць чальцом выбарчай камісіі. На думку лідэра мясцовай апазыцыйнай палітычнай арганізацыі, гэтая акалічнасьць сыграла на руку кіраўніцтву аблвыканкаму і чальцам прэзыдыюму Віцебскага аблсавету падчас фармаваньня выбарчых камісіяў. Пра гэта сьведчыць бясспрэчны факт: у камісіі трапілі толькі тыя кандыдаты, якія даспадобы ўладам.

Падчас судовага разбору Кастусь слушна абураўся непасьлядоўнасьцю і нелягічнасьцю дзеяньняў уладаў у адборы сябраў камісіі. Зьдзіўляючыся, ён спытаў юрыстаў, якія прадстаўлялі інтарэсы абласных уладаў, чаму ў выбарчыя камісіі трапілі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, якія нават ускосна ня зьвязаныя з палітычнай дзейнасьцю, а партыйныя актывісты, якія дзесяцігодзьдзямі займаюцца палітычнай працай, засталіся за бортам. Але юрысты нават не паспрабавалі што-небудзь растлумачыць апазыцыянеру па сутнасьці пастаўленых ім пытаньняў.

Пазоўнік ад апазыцыі сьцьвярджаў, што некаторыя кандыдаты ў сябры камісіяў ад грамадзкіх структураў мелі неабгрунтаваныя перавагі перад усімі астатнімі. Для доказу свайго сьцьверджаньня ён прывёў такі факт: член Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту і адначасова старшыня РГА «Белая Русь» Валер Башметаў і член прэзыдыюму абласнога савету дэпутатаў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жаланова – кіраўнікі структураў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, актыўна галасавалі за працу ў іх сваіх падначаленых. Мабыць, фармальна ўсё тут і законна, пагадзіўся спадар Смолікаў, але ў кожным разе гэта несправядліва і неэтычна ў дачыненьні да іншых кандыдатаў, у прыватнасьці ў дачыненьні да кандыдатаў-народнафронтаўцаў.

Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Аляксандар Федзюкевіч, які вёў разьбіральніцтва, уважліва выслухаў аргумэнты мясцовага лідэра ПБНФ, але тым ня менш прыняў чаканае рашэньне на карысьць уладаў. Ён палічыў скаргу апазыцыянэраў пра парушэньне іх правоў неабгрунтаванай і пакінуў яе без задавальненьня, тым самым узаконіўшы склады Віцебскай абласной і акруговых выбарчых камісіяў, сфармаваных уладамі.