Серада, 19 Люты 2014

Выбары ў Віцебску: апазыцыянэры па-за гульнёй

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

19 лютага Віцебская тэрытарыяльная выбарчая камісія разгледзела 83 заявы прэтэндэнтаў на мандат кандыдата ў дэпутаты Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў. Для дванаццаці прадстаўнікоў ад апазыцыйных палітычных структур і незалежных мясцовых палітыкаў вынікі іх вылучэньня аказаліся адмоўнымі.

Так, зь перадвыбарчай гонкі выбылі аксакалы мясцовай палітыкі: сябра аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксей Гаўруцікаў і сябра партыі БНФ Хрыстафор Жаляпаў. Таксама за бортам выбарчага працэсу апынуліся кіраўнік абласной арганізацыі БХД Тацьцяна Севярынец, абласны лідэр гаварыпраўдаўцаў Лідзія Сагідуліна ды грамадзкі актывіст Аляксандар Мікулін. Усе яны вылучаліся праз збор подпісаў, і выбарчая камісія выявіла ў падпісных аркушах гэтых апазыцыянэраў несапраўдныя подпісы выбаршчыкаў.

Праваабаронцу Паўлу Левінаву не хапіла толькі аднаго подпісу, каб стаць кандыдатам у дэпутаты. Апроч таго, ня ўсё чыста, на думку гарадзкой выбарчай камісіі, у Левінава было з пададзенымі асабістымі зьвесткамі. Тут дрэнную службу Паўлу Ісаакавічу саслужыла тое, што ў зьвестках пра сябе ён згадаў прадстаўніцтва праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” па Віцебскай вобласьці. Паводле ж дадзеных выбарчай камісіi, атрыманых зь дзяржаўных органаў , – прадстаўніцтва БХК на Віцебшчыне не існуе.

Астатнім шасьці грамадзянскім і партыйным актывістам таксама было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты альбо з-за няправільна сабраных подпісаў, альбо з прычыны недакладных асабістых дадзеных або зьвестак у пададзеных дэклярацыях аб даходах.

Без праблем былі зарэгістраваныя кандыдатамі прадстаўнікі партыі “Справядлівы сьвет”. Гэта, мабыць, зьвязана з тым, што яны вылучаліся не праз збор подпісаў, а па рашэньні партыйнага зьезду.

У партыі Гайдукевічаў, “Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі”, таксама ня ўзьнікла праблем з рэгістрацыяй сваіх кандыдатаў, бо ніводзін прадстаўнік партыі ня стаў балятавацца ў гарадзкі Савет дэпутатаў.