Чацвер, 14 Снежань 2017

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч паабяцаў малітоўна падтрымаць пратэстантаў зь Лепеля

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч

Падчас перадкаляднай прэс-канфэрэнцыі, якая прайшла 14 сьнежня ў катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску, журналісты закранулі тэму хрысьціянскай салідарнасьці. Гаворка вялася пра лепельскіх баптыстаў, якія апошнім часам падвяргаюцца моцнаму перасьледу з боку мясцовых уладаў. Біскуп паабяцаў малітоўную падтрымку.

Маліцца за баптыстаў

“Касьцёл заўсёды стаіць на баку тых, каго перасьледуюць і хто знаходзіцца ў цяжкай сытуацыі. На жаль, мы ніяк ня можам паўплываць на сытуацыю афіцыйнымі захадамі. Але, думаю, што гэтую падтрымку заўсёды ацэняць тыя, хто належыць да Хрыста. Гэта будзе падтрымка малітоўная”, – сказаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.  

Гіерарх адзначыў, што непаразуменьні з уладамі могуць узьнікаць празь недасканаласьць заканадаўства, якое “на жаль, яшчэ цалкам ня скінула зь сябе наступствы камуністычных часоў” і таму не заўсёды можа адэкватным чынам успрымаць дзейнасьць той ці іншай канфэсіі і царквы як такой.

Запрасіць сьвятара з-за мяжы становіцца амаль немагчыма

Біскуп прызнаўся, што праблемы маюць ня толькі пратэстанты, але і каталікі. Складанасьці, у прыватнасьці, узьнікаюць падчас рэгістрацыі сьвятароў з-за мяжы.

“Зараз колькасьць пакліканьняў, а значыцца, і сьвятароў, памяншаецца. Сваімі кадрамі мы пакуль што проста не пасьпяваем запоўніць гэтыя недахопы. А запрасіць кагосьці з-за мяжы сёньня ўжо становіцца фактычна немагчыма”, – гаворыць Алег Буткевіч.

Біскуп падчас прэс-канфэрэнцыі

Нагадаў, што сьвятары, якія ў свой час прыехалі ў Беларусь з-за мяжы, зрабілі для беларускага Касьцёла вельмі шмат карыснага.

“Без падтрымкі з захаду, у прыватнасьці з Польшчы, мы б ня мелі на сёньняшні дзень таго, што маем. І ў духоўным жыцьці, і ў пабудове сьвятыняў. І дзяржава на афіцыйным узроўні прызнае заслугі Касьцёла і цэніць гэтую працу. А зь іншага боку – не дазваляе ажыцьцяўляць яе напоўніцу”, – сказаў біскуп.

Выказаў таксама надзею, што працэдура атрыманьня дазволу на працу ў Беларусі для сьвятароў-замежнікаў стане з часам больш цывілізаванай.

Пра стасункі з войскам: “У нас няма інстытуту капэлянаў”

На пытаньне пра супрацу каталіцкага Касьцёлу і беларускага войска біскуп Алег Буткевіч, адказаў, што, на жаль, яна абмяжоўваецца толькі асобнымі сустрэчамі сьвятароў з вайскоўцамі. Такія сустрэчы адбываюцца, калі на яе дае згоду кіраўніцтва воінскіх частак.  

“Мы ня маем, на жаль, як ва ўсім сьвеце, інстытуту капэлянаў у войску. Прычына ў тым, што супрацоўнічаць на афіцыйным узроўні з Міністэрствам абароны мы ня можам, бо ня маем канкардату – падпісанай дамовы паміж дзяржавай і каталіцкім Касьцёлам. Гэта вельмі актуальна. Калі будзе заключаны канкардат – цяжка сказаць. Гэта мае быць двухбаковай працай”, – заўважыў біскуп.

На яго думку, калі канкардат будзе падпісаны, пытаньні духоўнай апекі беларускіх вайскоўцаў, сярод якіх нямала каталікаў, будзе вырашацца больш пасьлядоўна. Каталіцкі гіерарх прызнаўся, што ўважліва сачыў за сёлетнімі трагічнымі падзеямі ў Печах.

Пра аднаўленьне касьцёла сьвятога Антонія: “Справа ня спыніцца”

Што да аднаўленьня касьцёла сьв. Антонія ў Віцебску, біскуп паведаміў, што зараз вядзецца праца па ўзгадненьні дакумэнтацыі. Але пакуль што яна нагадвае замкнёнае кола.

“Найбольшае пытаньне – атрыманьне дазволу на перадпраектныя працы з боку апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Там сумняюцца ў нашых фінансавых здольнасцях. Мы, у сваю чаргу, ня можам абвесьціць афіцыйна збор сродкаў на пабудову касьцёла, пакуль не атрымаем гэтага дазволу”, – тлумачыць біскуп.  

“Зь іншага боку, якая спатрэбіцца агульная сума, будзе вядома толькі тады, калі будзе гатовы праект. Але мы ня можам распачаць працу над праектам, бо пакуль ня можам давесьці, што будзем мець дастаткова грошай. Ці хутка гэтае кола разамкнецца? Спадзяемся на лепшае”, – дадаў.

Алег Буткевіч запэўніў, што “ёсьць шмат людзей, якія гатовыя дапамагчы фінансава”. Зазначыў, што за 20 гадоў існаваньня дыяцэзіі было пабудавана шмат касьцёлаў, і патрэбнай сумы на пачатку працаў не было амаль ніколі. Але ў выніку ўсе праекты пасьпяхова зьдзейсьніліся.    

“Зараз шукаем выйсьця з гэтай сытуацыі. Для Бога няма нічога немагчымага. Ужо шмат чаго зроблена – і справа ня спыніцца. Калі гэта Божая справа – яна абавязкова зьдзейсьніцца”, – падкрэсьліў біскуп.

Расказаў, што ў наступным годзе пачне будавацца касьцёл у віцебскім мікрараёне Білева (дазвол ужо атрыманы). А ў 2018 годзе паўстане новы храм у Паставах.

Ці прыедзе Папа ў Беларусь

Кажучы пра значныя падзеі, якія чакаюцца ў наступным годзе, біскуп Алег Буткевіч як асноўную адзначыў візытацыю Ad limina Apostolorum, якую зьдзейсьніць Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі. Назваў яе “своеасаблівай справаздачай” перад Папам Рымскім (апошняе спатканьне беларускіх біскупаў з Папам адбылося ў 2009 годзе).

  “Адным з важных пунктаў падчас спатканьня са Сьвятым Айцом будзе пытаньне яго візыту ў Беларусь”, – зазначыў біскуп.

Цэнтральная пастэрка – у Полацку

Паведаміў таксама, што тэлетрансьляцыя вігілійнай сьвятой імшы на Божае Нараджэньне адбудзецца сёлета 24 сьнежня (пачатак у 21.00) з касьцёла сьвятога Андрэя Баболі ў Полацку. Гэтым самым яшчэ раз падкрэсьліваецца значэньне гораду, які даў Беларусі і сьвету Францыска Скарыну. Нагадаем, у 2017 годзе Беларусь сьвяткавала 500-годзьдзе беларускай Бібліі.

Кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі дзяліўся з журналістамі аплаткам

Віншуючы з надыходзячым сьвятам Божага Нараджэньня, біскуп пажадаў, каб  Бэтлеемская зорка вяла кожнага да жыцьця, напоўненага згодай, радасьцю і супакоем.

Зьміцер Міраш, фота аўтара