Панядзелак, 23 Кастрычнік 2017

У Віцебску адкрылі новую сынагогу – упершыню за больш як сто гадоў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

27 Тышрэя 5778 году паводле габрэйскага календара (або 17 кастрычніка 2017 году паводле грэгарыянскага) у гістарычным цэнтры Віцебску прайшла цырымонія адкрыцьця новай сынагогі, якая атрымала назву «Шацёр Давіда».

На імпрэзу сабраліся ня толькі вернікі віцебскай габрэйскай грамады і рабіны з ваколічных рэгіёнаў. Шмат гасьцей прыехала зь іншых гарадоў Беларусі і замежжа. Таксама прыйшлі многія звычайныя жыхары Віцебску. Акрамя таго сваю прысутнасьць абазначылі: гарадзкія ўлады ў асобе Пятра Падгурскага (намесьнік кіраўніка гарвыканкаму), кіраўнік Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч і настаяцель Сьвята-Усьпенскага кафедральнага сабора протаіярэй Міхаіл Мартыновіч.

Будаўніцтва сынагогі вялося на працягу двух гадоў на грошы чальцоў мясцовай грамады і ахвяраваньні буйных бізнэсоўцаў. Напрыклад, вялікі ўнёсак зрабіў Леанід Томчын, кіраўнік голдынгу «Аптэка-Груп» і «па сумяшчальніцтве» старшыня Віцебскай юдэйскай суполкі «Дом Ізраілю».

Будынак пабудавалі па арыгінальным, адзіным у сьвеце праекце, над якім працаваў архітэктар Аляксей Федарыстаў супольна з кампаніяй «Вірсен».

Пры ўваходзе ў будынак вернікаў сустракае напісаная на іўрыце залатымі літарамі назва сынагогі –  «אוהל דוד» («Охель Давід», «Шацёр Давіда»).

Галоўнае месца, як і належыць культаваму будынку, займае малельная заля, у інтэр'еры якой цесна перапляліся матывы гораду Віцебску (вісяць копіі твораў Марка Шагала з цыклу вітражоў «Дванаццаць плямёнаў Ізраілевых») і каноны артадаксальнай сынагогі. Заля – вельмі сьветлая, з высокімі столямі. Узьнікае адчуваньне, што сапраўды знаходзісься ўнутры шатра. Напэўна, таму сынагога і атрымала адпаведную назву.

Сама ж цырымонія адкрыцьця прайшла маляўніча і яскрава, зрабіўшыся своеасаблівым невялічкім вулічным сьвятам.  Па вуліцы Грыбаедава, дзе разьмясьцілася сынагога, паводле старажытнага габрэйскага звычаю хлопчыкі і мужчыны ў кіпах вадзілі карагод, сымбалізуючы такім спосабам сустрэчу маладога і старэйшага пакаленьня.

Затым перад сьвяточнай чырвонай стужачкай выступілі зь вітальнымі словамі дарадца старшыні аблвыканкаму Міхаіл Даніленка, рабін Шлом Злоцкі ды іншыя важныя асобы.

Пасьля пераразаньня стужачкі ў неба былі выпушчаныя сотні яркіх рознакаляровых балёнікаў, што надало імпрэзе яшчэ большую ўрачыстасьць і ўзвышанасьць.

Асноўная ж частка імпрэзы прайшла ўнутры "Шатра Давіда", дзе мелі магчымасьць выступіць многія госьці сьвята.

Завяршылася цырымонія адкрыцьця сьвяточным фуршэтам у двары сынагогі. У тых, хто не адмовіўся выпіць крыху віскі ці соку, была магчымасьць у нязмушанай абстаноўцы выказаць свае думкі і падзяліцца ўражаньнямі ад падзеі.

Уладзімер Бяляўскі