Чацвер, 09 Лістапад 2017

Аднаўленьне касьцёла сьв. Антонія ў Віцебску. Таварыства аховы помнікаў раіць не сьпяшацца

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Так выглядае адноўлены касьцёл у віртуальнай рэальнасьці Так выглядае адноўлены касьцёл у віртуальнай рэальнасьці

Калі касьцёл будзе ссунуты хоць на мэтар ад сваіх гістарычных падмуркаў – гэта ўжо аніяк ня будзе стасавацца з аўтэнтыкай і нічым ня будзе адрозьнівацца ад псэўдааднаўленьняў кшталту менскай гасьцініцы “Эўропа” ды ідэі “аднаўленьня” Сафійскага сабору ў Віцебску, мяркуюць спэцыялісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Нагадаем, 8 лістапада на сайце “Віцебскага кур’ера” зьявіўся матэрыял пра аднаўленьне касьцёла сьвятога Антонія Падуанскага ў Віцебску. Пробашч віцебскай парафіі сьвятога Антонія Вячаслаў Барок паведаміў выданьню, што Мінкульт ужо “даў станоўчую ацэнку эскізнай прапанове аднаўленьня касьцёла”. Запэўніў таксама, што “зацьверджаны праект мяркуе аднаўленьне касьцёла ў спрадвечным выглядзе”, але сам будынак трохі перасунуць па восі ад месца яго першапачатковага разьмяшчэньня. Таварыства аховы помнікаў лічыць такое рашэньне непрымальным.

“Гэта парушае міжнародныя мэтодыкі і прынцыпы”

“Аднаўленьне – гэта “сукупнасьць работ і мерапрыемстваў, накiраваных на навукова абгрунтаванае поўнае або частковае паўторнае стварэньне матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасьцяў (для нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасьцяў – абавязкова на месцы iх ранейшага знаходжаньня)”, – цытуюць спэцыялісты Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь (п. 1.1 арт. 114).

Сьцьвярджаюць таксама, што аднаўленьне касьцёла Сьвятога Антонія не на падмурках, а са зьмяшчэньнем парушае і міжнародныя мэтодыкі і прынцыпы, закладзеныя ў нацыянальных нарматыўна-прававых актах і ў тэхнічных нарматыўных дакумэнтах, у прыватнасьці парушае прынцыпы “Рыскай хартыі 2000 г.”.

“Калі касьцёл будзе ссунуты хоць на мэтар ад сваіх падмуркаў, ён нічым ня будзе адрозьнівацца ад псэўдааднаўленьняў кшталту менскай гасьцініцы “Эўропа” ды ідэі “аднаўленьня” полацкага Сафійскага сабору ў Віцебску”, - гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце таварыства.

Антон Астаповіч: Калі немагчыма – лепей не пачынаць

Старшыня рэспубліканскага савету Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч мяркуе, што калі касьцёл будзе адноўлены паводле ўжо ўзгодненага Мінкультам праекту, то можна будзе казаць пра “чарговую фальсыфікацыю”.

“Менавіта навукова абгрунтаванае аднаўленьне касьцёла згодна з усімі правіламі – гэта адзіны прымальны варыянт”, – камэнтуе сытуацыю Антон Астаповіч на сваёй старонцы ў Facebook.

“Калі няма магчымасьці аднавіць аб'ект у адпаведнасьці з агульнапрынятымі мэтодыкамі (а такія магчымасьці ёсьць, іх проста не прапрацоўвалі нармальна), то яго ўвогуле ня трэба аднаўляць. Бо гэта працы ў такім месцы, дзе фальсыфікацыі недапушчальныя апрыёры”, – дадае.

Між іншым, калі такі праект ужо атрымаў заключэньне Мікульту, то, значыцца, пайшоў у экспэртызу і зараз ніхто яго карэктаваць ужо ня будзе, кажа экспэрт.

Паводле Астаповіча, наконт аднаўленьня храма некалькі гадоў вялося ліставаньне зь Віцебскім гарвыканкамам, але безвынікова. Сустрэцца зь біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам таксама не атрымалася (“…не захацеў з намі сустракацца, бо, мабыць, разумеў, што будзем падымаць праблемнае пытаньне”).

“Лепей перанесьці магістраль, а калі гэта немагчыма зараз, то касьцёл інтэрпрэтаваць і чакаць лепшых часоў для яго аднаўленьня. Зразумейце, калі немагчыма, лепей не пачынаць. Гэта тое, што тычыцца гісторыка-культурных аб'ектаў”, - мяркуе Антон Астаповіч.

Вячаслаў Барок: Яшчэ ёсьць шанцы паставіць будынак на спрадвечны падмурак

Пробашч парафіі сьвятога Антонія ў Віцебску ксёндз Вячаслаў Барок паведаміў “Віцебскай вясьне”, што яшчэ рана казаць пра тое, што эскізны праект зацьверджаны, бо афіцыйны ліст зь Міністэрства культуры пакуль не атрыманы.

“І наогул, можна казаць, што гэта яшчэ перадпраектныя працы. Уступнае рашэньне. Пакуль пайшлі на гэта. Але, як гавораць нашыя віцебскія гісторыкі, у прыватнасьці Яўген Калбовіч, з гэтым момантам яшчэ можна папрацаваць і яшчэ ёсьць шанцы, каб будынак паставіць на свой спрадвечны фундамэнт. Канчатковы праект будзе распрацаваны пасьля правядзеньня археалягічных працаў, і вось тады стане дакладна вядома, стане ён на сваё месца ці не. І тады ўжо можна будзе крытыкаваць адназначнае рашэньне”, – кажа Вячаслаў Барок.  

Эскізны праект касьцёла Сьвятога Антонія ў Віцебску

Што да пазыцыі Таварыства аховы помнікаў, віцебскі сьвятар адзначае, што ставіцца да меркаваньня спэцыялістаў зь вялікай павагай.

“Яны робяць вялікую працу. Але, з усёй павагай да Антона Астаповіча і да прынцыпаў “Рыскага пагадненьня”, мяркую, што, калі стаіць пытаньне, адбудаваць касьцёл, крыху пасунуўшы фундамэнт, альбо наогул не адбудоўваць, то лічу, што лепш ссунуць фундамэнт, чым апусьціць рукі і сказаць: ну калі нельга паводле ўсіх нормаў і патрабаваньняў, то ня будзем адбудоўваць наогул”, – гаворыць Вячаслаў Барок.

Дадае, што сусьветная архітэктура мае прыклады, калі цэлыя будынкі перасоўваліся са сваіх гістарычных падмуркаў.

“Напрыклад, касьцёлы ў Варшаве. Проста пераносіліся. Чаму? Таму што іншым чынам было нельга зрабіць. Бо часам паўстаюць такія чыньнікі, якія мацнейшыя за нас. Вядома, было б добра захаваць ня толькі аб’ёмы касьцёла, але і аб’ём усёй плошчы, але калі няма такой магчымасьці, а адзіная магчымасьць – адбудаваць касьцёл вось менавіта такім чынам, то я за тое, каб крыху ссунуць фундамэнт”, – удакладняе.

Зьміцер Міраш

Залагініцца каб дадаць камэнтары