На інфармацыйным рынку Віцебскай вобласьці зьявілася новае друкаванае СМІ - газэта “Вітебскіе весті”. Яна аб’яднала два абласных выданьні - “Віцебскі рабочы” і “Народнае слова”. Першы нумар газэты выйшаў 2 ліпеня. Рашэньне аб рэарганізацыі гэтых газэт прыняў заснавальнік - Віцебскі аблвыканкам. Ад новага выданьня ён чакае “стварэньня якаснага, прафэсійнага інфармацыйнага прадукту, які выключыць дубляваньне інфармацыі”.

Сярод сёлетніх ляўрэатаў прэстыжнага конкурсу прафэсійнай мэдыя-фатаграфіі “Прэс-фота Беларусі” ёсьць рэдактар штодзённай інтэрнэт-газэты “Народныя навіны Віцебска” Сяржук Серабро. Ён заняў першае месца ў намінацыі “Навіны” з сэрыяй фотаздымкаў, якія былі зробленыя падчас суду над вядомым дэмакратычным актывістам Сяргеем Каваленкам.

Журналісты, што прыехалі ў Віцебск на суд над Андрэем Гайдуковым сутыкнуліся з актыўным процідзеяньнем з боку міліцыі і супрацоўнікаў у цывільным. Калі журналісткі паспрабавалі ўзяць камэнтар у праваабаронцы Паўла Левінава, падышоў нейкі чалавек, які выдааваў зь сябе глуханямога, і стаў перашкаджаць працаваць, паводзіўся неадэкватна. Маёр міліцыі Віталь Вячаслававіч Фралоў неаднаразова заяўляў: «Я Вас папярэджваю: нельга». У журналістак спрабавалі забраць камэру.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Протас, упершыню судзячы дэмакратычных актывістаў, прысудзіла 17 траўня сябрам партыі БНФ Леаніду Аўтухову і Кастусю Смолікаву па 30 базавых велічыняў (па 3 мільёны) штрафу на кожнага. Аднак найбольш прысутных на працэсе актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў уразіў не памер штрафаў, а тое, што судзьдзя практычна пазбавіла старшыню абласной суполкі партыі БНФ Леаніда Аўтухова магчымасьці ўдзельнічаць у судовым працэсе.

Усьлед за віцебскім абласным кіраўніком партыі БНФ Леанідам Аўтуховым у міліцэйскі пастарунак быў выкліканы яго аднапартыец Кастусь Смолікаў. Там, як раней і на Аўтухова, на яго склалі пратакол аб парушэньні Закону аб СМІ. Актывістаў абвінавачваюць у тым, што была перавышаная дапушчальная законам колькасьць партыйнага бюлетэню «Магістрат», які яны раздавалі мінакам 22 красавіка.