Серада, 29 Красавік 2015

Начальнікі месцаў несвабоды Віцебшчыны ня бачаць неабходнасьці асьвятленьня дзейнасьці іх установаў у незалежных СМІ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Каля тузіну заяваў у папраўчыя ўстановы, ЛПП і СІЗА Віцебскай вобласьці разаслаў праваабаронца і незалежны журналіст Леанід Сьвецік. У сваіх заявах ён прасіў даць яму магчымасьць наведаць згаданыя ўстановы для падрыхтоўкі журналісцкага матэрыялу аб умовах утрыманьня і побыце асоб, што знаходзяцца ў іх. Ніводная з заяваў задаволеная не была.

 

Усе адказы, атрыманыя Леанідам Сьвецікам, напісаныя нібыта пад капірку – у патрэбных месцах мяняюцца толькі назвы ўстаноў. «Асьвятленьнем дзейнасьці папраўчых устаноў у крымінальна-выканаўчай сыстэме займаюцца ведамасныя пэрыядычныя выданьні, такія як газэта “На страже” і газэта “Трудовой путь”, якія ў поўнай меры адлюстроўваюць стан побыту і ўмоваў утрыманьня…» – слова ў слова паўтараецца ва ўсіх адказах.

«У цяперашні час адміністрацыя – на гэтым месцы кожны з начальнікаў знайшоў час, каб адкарэктаваць стандартны тэкст і ўставіць сюды назву сваёй установы – ня бачыць неабходнасьці дадатковага асьвятленьня дзейнасьці ўстановы ў іншых пэрыядычных выданьнях».

Зрэшты, адзін зь адказаў, атрыманы раней за ўсіх, адрозьніваецца ад астатніх. Начальнік папраўчай калёніі № 8 (г. Ворша) пасьпешліва напісаў нестандартны тэкст, паведаміўшы заяўніку, што ягоны зварот дасланы ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці для ўзгадненьня і прыняцьця канчатковага рашэньня наконт наведваньня папраўчай установы. Прыйшлося за начальніка калёніі адказваць першаму намесьніку начальніка абласной управы – але той не праявіў асаблівай фантазіі і напісаў цытаваны вышэй шаблённы тэкст.

Такім чынам, на думку кіраўнікоў установаў ДВП Віцебскай вобласьці, грамадзяне могуць атрымаць поўную, аб’ектыўную і ўсебаковую інфармацыю пра жыцьцё людзей, што знаходзяцца па той бок калючага дроту, калі будуць чытаць ведамасную міліцэйскую прэсу. І гэтай інфармацыі цалкам дастаткова, больш – ня трэба!

Вось як апісваецца згаданая ведамасная прэса.

Газэта «На страже» – друкаваны орган Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Пра яе кола тэмаў і рэдакцыйную палітыку можна даведацца на афіцыйнай старонцы газэты на сайце МУС: «У адпаведнасьці з распараджэньнямі міністра ўнутраных спраў у аснову асноў сваёй дзейнасьці журналісты рэдакцыі ставяць стварэньне разнажанравых публікацыяў, якія адлюстроўваюць тэмы службовай і ўлікова-рэгістрацыйнай дысцыпліны, захаваньня асноватворных загадаў, папулярызацыі перадавога досьведу, прафіляктыкі розных відаў злачынстваў і правапарушэньняў». Іншымі словамі – міліцэйская газэта пераважна для супрацоўнікаў, курсантаў і вэтэранаў МУС. Хаця, як вынікае з адказаў начальнікаў віцебскіх установаў ДВП, яна, апроч іншага, яшчэ і «ў поўнай меры асьвятляе стан побыту і ўмоваў утрыманьня асуджаных».

Затое другая згаданая начальнікамі ўстановаў ДВП газэта выдаецца непасрэдна самім ДВП і прызначаная адмыслова для сядзельцаў. Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, які правёў некалькі месяцаў у СІЗА, так напісаў пра яе ў сваім лісьце на волю (гэты ліст апублікавала жонка журналіста ў блогу ў LiveJournal): «Толькі ў турме даведаўся, што ў зьняволеных ёсьць свая газэта. Называецца яна “Трудовой путь” і выдае яе Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. У тутэйшым народзе яе завуць няйначай як “Козлиный путь”. І трэба прызнаць, што такую гордую назву яна носіць цалкам заслужана. Традыцыйна ўвесь нумар забіты падзячнымі лістамі зэкаў, у якіх яны нястрымна хваляць турэмных начальнікаў і падначальнікаў за тое, што наставілі іх на праўдзівы шлях, адкрылі вочы і г.д. і да т.п. Адным словам, звычайная бальшавіцкая перакоўка. І кошт гэтай перакоўкі таксама вядомы – умоўна-датэрміновае вызваленьне (УДВ)».

Можна, вядома, паставіць пад сумнеў словы гарадзенскага журналіста, які даў нядобрую ацэнку газэце ДВП МУС. Магчыма, «Трудовой путь» – узор аб’ектыўнасьці, які, паведамляючы чытачам, як усё добра за кратамі, піша найчысьцейшую праўду. Аднак калі гэта так, то чаму б начальнікам месцаў пазбаўленьня або абмежаваньня волі не пусьціць у свае ўстановы журналістаў, каб тыя на ўласныя вочы пабачылі, як бездакорна ў гэтых установах трымаюцца законнасьці і парадку, і расказалі пра гэта шырокаму колу грамадзкасьці празь незалежныя СМІ?

Віцебская вясна

Залагініцца каб дадаць камэнтары