Серада, 23 Чэрвень 2021

Віцебскі абласны суд не змяніў прысуды глыбоцкаму журналісту

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Зміцер Лупач Зміцер Лупач

23 чэрвеня Віцебскі абласны суд разгледзеў дзве скаргі журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Журналіст спрабаваў аспрэчыць рашэнні Глыбоцкага і Браслаўскага раённых судоў, якія 25 траўня прызналі яго вінаватым паводле ч.3 арт.23.5 КаАП («Незаконны выраб прадукцыі СМІ») і аштрафавалі агулам на 60 базавых велічынь.

Скаргу Змітра Лупача на пастанову суду Глыбоцкага раёну ад 25 траўня разглядала суддзя Святлана Іванова. Пастановай райсуду Лупач прызнаны вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і паводле ч.3 арт. 23. 5 КаАП аштрафаваны на 30 базавых велічыняў (870 рублёў) без канфіскацыі прадмета адміністрацыйнага правапарушэння. Зміцер Лупач нібыта ўзяў інтэрв’ю ў глыбачаніна Аляксандра Шарабайкі і перадаў матэрыял для публікацыі на ютуб-канале Белсату. Паводле судовага рашэння, сваімі дзеяннямі журналіст парушыў заканадаўства аб СМІ.

З рашэннем Глыбоцкага суду журналіст не пагадзіўся. У скарзе выказаў меркаванне, што былі парушаныя ягоныя правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Прасіў абласны суд пастанову адмяніць і спыніць справу праз адсутнасць у ягоных дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Суддзя Святлана Іванова сваім рашэннем пакінула пастанову суду першай інстанцыі без зменаў, а скаргу без задавальнення.

Суддзя Ірына Смалякова разгледзела скаргу Змітра Лупача на пастанову суддзі Браслаўскага раённага суду ад 25 траўня. На падставе ч.3 арт. 23.5 КаАП суд прыцягнуў журналіста да адміністрацыйнай адказнасці, аштрафаваўшы на 30 базавых велічынь (870 рублёў). Лупач быў прызнаны вінаватым у незаконным вырабе відэасюжэту, размешчанага на ютуб-канале Белсату.

У сваёй скарзе Зміцер Лупач выказаў нязгоду з пастановай. Палічыў, што суд недакладна выканаў норму, якая ўстанаўлівае адміністрацыйную адказнасць. Даводзіў, што сваімі дзеяннямі не нанёс шкоды грамадскаму парадку, дзяржаўнай бяспецы, здароўю, маральнасці, правам і інтарэсам грамадзянаў. Прасіў пастанову адмяніць, а справу спыніць з тых жа прычын – у сувязі з адсутнасцю складу правапарушэння.

Суддзя Ірына Смалякова пакінула скаргу журналіста без задавальнення. Рашэнне суду Браслаўскага раёну ад 25 траўня пакінула без зменаў.

На разгляд кожнай скаргі і прыняцце рашэння суддзям Івановай і Смаляковай спатрэбілася менш за тры хвіліны.

С. Горкі

 

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram.